иcтoчник: www.tribunapracy.by

Марына Аўрамчык: ´Упэўнена, што ў філіяла ´Варатынь´ стабільная будучыня´.

Калектыў філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ другі год запар не пакінуў шанцаў на лідарства ў асноўных намінацыях працоўнага спаборніцтва іншым раённым сельгасарганізацыям. Па выніках работы ў 2020 годзе гаспадарка прызнана пераможцам у намінацыях ´За эфектыўнае выкарыстанне сельгасугоддзяў´, ´За павелічэнне вытворчасці зерня´, ´За павелічэнне вытворчасці малака´, ´За павелічэнне вытворчасці мяса´, 3-га месца ўдастоена ´За павелічэнне вытворчасці рапсу´.

Марына Аўрамчык: ´Упэўнена, што ў філіяла ´Варатынь´ стабільная будучыня´.

У чым сакрэт поспехаў ´Варатыні´? Пра гэта і іншае пагаварылі з памочнікам дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ ´Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў´ Марынай Аўрамчык.

- Марына Мікалаеўна, як, скажыце, удалося дасягнуць прарыву ў малочнай галіне - з 5 000 з гакам кілаграмаў на карову ў 2019 годзе выйсці на 7 046 кг у 2020-м, атрымаць небывалы ў раёне паказчык удою?

- Працай. Па ўсіх накірунках. За гэта ўдзячна ўсяму калектыву, разам з якім мы адолелі вялікі фронт работ. Удасканалілі тэхналогіі вытворчасці малака і вырошчвання жывёлы. Цалкам пераглядзелі рацыёны кармлення статку - з-за адсутнасці свайго галоўнага заатэхніка папрасілі садзеяння ў гэтым у райсельгасхарчы. Пераглядзелі крытэрыі аплаты працы работнікаў, дзякуючы чаму павысіліся заробкі і камандны дух на малочна-таварных аб´ектах. Людзі бачаць вынік, бачаць павялічаныя заробкі і імкнуцца працаваць яшчэ лепш. Калі я заступіла на пасаду ў 2019 годзе, аператары машыннага даення атрымлівалі па 300-400 рублёў. Сёння іх заробак значна вырас, сярэдні па гаспадарцы склаў 869 рублёў. Правялі вялікую работу з кадрамі. З калектывамі штодня збіраемся, абмяркоўваем, што прынесла плён, а што не атрымалася і чаму. Не пакідаем без увагі ніводнае пытанне, добра разумеючы, што ў дасягненні станоўчага выніку дробязяў не бывае. Я ж для сябе зразумела, што з людзьмі, асабліва вясковымі, трэба размаўляць. Пра вытворчасць, жыццё, сям´ю... Недзе нават падштурхоўваць - гэта такая асаблівасць сельскіх жыхароў, выкліканая, як мне здаецца, нетаропкім укладам вясковага жыцця. Пры гэтым сяльчане больш адкрытыя за гараджан. Калі зразумелі, паверылі табе - абавязкова адгукнуцца, аддадуць, зробяць.

- Сярод перадавікоў раённага спаборніцтва, таксама не першы год, два вашыя калектывы: малочна-таварнай фермы №1 аг. Варатынь і фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы в. Аўсімавічы. Што ў аснове іх лідарства?

- Зноў жа - людзі. І адзін, і другі жывёлагадоўчыя аб´екты ўзначальваюць адказныя і вопытныя загадчыкі - Фёдар Васільевіч Козыраў і Анатоль Іванавіч Еўдакімаў. Мала таго, што самі нацэленыя на станоўчы вынік, дык умеюць арганізаваць калектывы на гэта. Прычым, МТФ №1 трымае лідарства нягледзячы на прывязное ўтрыманне там рагуль - з больш нізкім вытворчым патэнцыялам у параўнанні з сучаснымі комплексамі, дзе жывёла ўтрымліваецца бяспрывязна, што яшчэ раз пацвярджае зладжанасць і мэтанакіраванасць калектыву. Не магу не падзяліцца, што на МТФ ´Варатынь´ мы сёлета выпрабавалі практыку ўтрымання маладняку ад нараджэння да трохмесячнага ўзросту кругласутачна на свежым паветры. Цяляткі знаходзяцца - знаходзіліся і ў 20-градусныя маразы - у індывідуальных пластмасавых хатках, якія мы набылі пад поўную патрэбу. Дадзены спосаб вырошчвання маленькай жывёлы сябе апраўдаў, на гэта ўказвае і высокая захаванасць маладняку, і выдатны выгляд цялятак. Укараняем гэтую тэхналогію і на іншых нашых аб´ектах. Але тут неабходна адна ўмова - жывёлавод на доглядзе павінен быць надзвычай адказны, і на нашай МТФ ´Варатынь´ менавіта такі. Вялікую ўвагу ў мінулым годзе надалі павышэнню якасці травянога корму: сенажу і сіласу. Перазалужылі пашу, падсеялі багатымі на бялок бабовымі культурамі, выкарыстоўвалі адналетнюю траву.

Марына Аўрамчык: ´Упэўнена, што ў філіяла ´Варатынь´ стабільная будучыня´.

Калектыў фермы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы в. Аўсімавічы

Разумеючы, што павелічэнне рэнтабельнасці жывёлагадоўчай прадукцыі, таго ж малака, напрамую залежыць ад выдаткаў на яе вытворчасць, мы на 2020 год ставілі сабе задачу значна павялічыць, праз дадатковыя пасяўныя плошчы і ўдасканаленне тэхналогій вырошчвання раслін, аб´ёмы зерня, цалкам забяспечыць жывёлу ўласнымі камбікармамі - стабільнай базай канцэнтратаў. А канцэнтраты - гэта малако.

Дзеля нарошчвання зерня павялічылі пасяўныя плошчы пад азімую збажыну, скарацілі пад яравую. Набылі пад поўную патрэбу мінеральныя ўгнаенні, сродкі па доглядзе пасеваў. У выніку забяспечылі сябе паўтарагадавым аб´ёмам зерня. Прычым, на сваім міні-заводзе яго не проста здрабняем, а дадаем усё тэхналагічна неабходнае для атрымання якасных камбікармоў, што рэгулярна пацвярджаем лабараторна. Усё гэта дазволіла нам выйсці на 20-працэнтную рэнтабельнасць малака. А значнае павелічэнне аб´ёмаў прадукцыі прывяло да павелічэння выручкі. Столькі тэхнікі набылі за мінулы год, і тры трактары вылучыла галаўное прадпрыемства, каб мы толькі стараліся.

- Марыя Мікалаеўна, ці можна сказаць, што філіял ´Варатынь´ сёння фінансава самастойная гаспадарка?

- Так. Вельмі важным для сябе лічу, што мы за 2020 год, значна павялічыўшы выручку, выйшлі на фінансавую самастойнасць: рэнтабельнасць продажу прадукцыі склала 5,3%, малака - 20%. І ўжо цяпер мы маем магчымасць, дасягнуўшы такога аб´ёму прадукцыі і выручкі, самастойна развівацца.

- Якая, лічыце, у гэтым заслуга прамыслоўцаў?

- Гэта і стала магчымым дзякуючы далучэнню сельгасарганізацыі да ААТ ´БЗТДіА´. Без старту - матэрыяльнай падтрымкі з боку завода выйсці на самаакупнасць было б немагчыма. Прычым, тут вялікая заслуга асабіста дырэктара ААТ Уладзіміра Віктаравіча Кісяля. Бо вядома - колькі грошай не ўкладзі ў прадпрыемства, але калі кіраўнік не зацікаўлены ў выніках, нічога не будзе.

- Вы гараджанка, жывеце ў Бабруйску. Пры гэтым разумееце псіхалогію вяскоўцаў і выдатна спраўляецеся з сельгасвытворчасцю. Адкуль гэта?

- Я скончыла Горацкую сельгасакадэмію, эканамічны факультэт, і прыйшла ў гэтую гаспадарку, тады яшчэ калгас імя Пушкіна, па размеркаванні. Была за галоўнага бухгалтара. Пры мне сельгасарганізацыя была далучана да завода ТДіА і атрымала статус філіяла. Сама я ў хуткасці перайшла на работу на галаўное прадпрыемства начальнікам бюро, адтуль - у адпачынак па доглядзе дзіцяці да 3 год (выхоўвае трое дзяцей, наймалодшаму - два з паловай гады). З-за сямейных абставінаў адпачынак перарвала - на рабоце прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па сельскай гаспадарцы. Напачатку было надзвычай цяжка: штодня ехала ў Варатынь, турбавалася пра немаўля, якое заставалася з маёй маці, хвалявалі незразумелыя пытанні сельгасвытворчасці, захаванасці жывёлы. Пры гэтым выразна разумела, чаго ад мяне чакаюць, і ведала, што не справіцца не магу сабе дазволіць. На нарадах уважліва прыслухоўвалася да вопытных кіраўнікоў, вучылася на ўласных памылках... Цяпер ужо ўпэўнена - у філіяла ´Варатынь´ стабільная будучыня. Але ж на дасягнутым не заспакойваемся. Амбіцыйныя планы на бягучы год - павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і павялічыць гадавы ўдой на рагулю да 8 тысяч кілаграмаў пры заданні 7 500 кг.

Дарэчы

Паказчык вытворчасці малака, дасягнуты філіялам ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ за 2020 год, - 9-ты па велічыні сярод сельгасарганізацый Магілёўшчыны, па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы - 7-мы ў вобласці.

У рэспубліканскім рэйтынгу паказчыкаў сярэдняга ўдою малака ад адной каровы ў год гаспадарка з 410 месца ў 2019 годзе паднялася на 206-е па выніках 2020-га.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

На фота к матэрыялу - калектыў малочна-таварнай фермы №1 аг. Варатынь.