иcтoчник: www.tribunapracy.by

Ала Шурын - лепшы аператар машыннага даення.

Пра Алу Міхайлаўну на старонках ´раёнкі´ мы неаднойчы пісалі - сёлетняя перамога далёка не першая ў яе працоўнай біяграфіі. Аператар машыннага даення філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ (у гэтай гаспадарцы жанчына працуе больш за 10 год) не здала высокіх пазіцый, нават стаўшы пенсіянеркай. І хіба хто рызыкне сказаць, што гэта не працоўны подзвіг - з дня ў дзень, на працягу амаль сарака гадоў (25 адпрацавала ў цяперашнім ААТ ´Міхалёўская Ніва´) прыходзіць на ферму і не проста працаваць, а рабіць гэта як найлепш, быць прыкладам для ўсяго раёна. ´Каб усе былі такімі работнікамі, як Ала Міхайлаўна´, - коратка, але ёмка ахарактарызаваў перадавую даярку дырэктар Міхаіл Стрыжэўскі.

- Працалюбству абавязана найперш бацьку Міхаілу Мельнічонку, - кажа субяседніца. - У свой час ён быў калгасным жывёлаводам, перадавіком вытворчасці, узнагарод меў - не пералічыць! Да таго ж, вельмі важна - цягнуцца да справы, якой займаешся, выконваць яе з задавальненнем. А ў маім выпадку - яшчэ і абавязкова любіць жывёлу.

Родам Ала Міхайлаўна з аграгарадка Іванаўка. Там нарадзілася і вырасла, там жыве і цяпер. На адной з ёй вуліцы пусціла карані старэйшая дачка Вольга (загадчыца МТФ в. Савічы, у мінулым неаднойчы прызнавалася лепшай маладой даяркай у раёне).

Назіраючы за жывёлагадоўляй ´знізу´, параўноўваючы колішні і цяперашні да яе падыход, Ала Міхайлаўна адзначае станоўчыя перамены ў забяспечанасці фермы кормам - апошняга не толькі ўдосталь, але якасны, разнастайны, што перш за ўсё ўплывае на надоі.

З захапленнем расказвае перадавая даярка пра кіраўніцтва гаспадаркі, патрабавальнасць і адначасова добразычлівасць людзей, якія ўсклалі на сябе абавязкі быць у галаве калектыву.

- Ад добрага стаўлення хочацца яшчэ лепей працаваць, дасягаць яшчэ большых надояў, - кажа Ала Міхайлаўна.

А вось прымусіць сябе пакінуць працоўнае месца і пераключыцца толькі на хатнія справы, да чаго настойліва заклікаюць дзеці, яна пакуль не гатова.

- Гаспадарка і дома немалая, ды толькі я спраўляюся з ёй і пасля работы, - з усмешкай заўважае жанчына, - а пакінуць сваіх рагуль не адважваюся. Дый у калектыве весялей, жыццё ярчэйшае.

Між тым у групе гэтай худзенькай жанчыны аж 95 кароў! Акрамя таго, што падаіць і дагледзець (працоўны дзень пачынаецца а 4-й гадзіне), за кожнай трэба прасачыць, каб раптам не захварэла, з кожнай пагаманіць, прылашчыць - прывязное ўтрыманне ў гэтым пераважае над сучасным беспрывязным. Затое ў адказ даярка атрымлівае вялікае малако - валавы надой за 2020 год склаў 659 тон.

- Ала Міхайлаўна - прафесіянал сваёй справы, гонар нашага калектыву, - характарызуе аператара машыннага даення галоўны заатэхнік гаспадаркі Міхаіл Іванавіч Бандарчук. - Сама дасягае высокіх надояў і моладзь гэтаму вучыць: падказвае, раіць, дапамагае. З такімі працаўнікамі любая задача - вырашальная.

Алена КАРПЕНКА.