иcтoчник: www.tribunapracy.by

Веданне гісторыі пацвердзіў

Падведзены вынікі I тура абласнога конкурсу ´Магілёў - бацька Сталінграда´, прысвечанага 80-годдзю гераічнай абароны горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З прыемнасцю адзначаем, што найбольшую колькасць балаў (35,5) у намінацыі ´Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі´ набраў і адпаведна стаў адным з пераможцаў I тура вучань нашага раёна - 10-класнік Ленінскага ВПК ´Дзіцячы сад-СШ´ Антон Чэшка.

Крыху ніжэй балам (33) ацэнена работа ў гэтай жа намінацыі яшчэ адной раённай школьніцы - Дзіяны Казловай з Каменскай СШ.

Паўдзельнічаў у I туры абласнога конкурсу, у намінацыі ´Працоўная моладзь´, таксама і настаўнік гісторыі Варатынскай СШ М.А. Рыняк.

Да слова сказаць, арганізатарамі конкурсу ´Магілёў - бацька Сталінграда´ з´яўляюцца абласны Цэнтр творчасці, грамадскае аб´яднанне ´Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб ´Виккру´, абласная і гарадская арганізацыі РГА ´Белая Русь´ і абласная арганізацыя ´Беларускі саюз журналістаў´. Удзел прынялі калектывы вучэбных устаноў, аб´яднанняў па інтарэсах, студэнты, вучні старэйшых класаў школ і працоўная моладзь ва ўзросце да 30 год. Конкурс уяўляе сабой віктарыну ў два этапы. Другі (20 пытанняў па гісторыі абароны Магілёўшчыны ў 1941 годзе) стартаваў 10 сакавіка і будзе доўжыцца да 3 мая.

Ад Антона Чэшкі даведаліся, што гісторыя для яго - найбольш цікавы школьны прадмет. Вывучае хлопец яе з задавальненнем не толькі непасрэдна на захапляльных уроках настаўніка С.М. Герасімовіча, але і на дадатковых занятках у школе раз на тыдзень, і сам па сабе: з кніжак, інтэрнэту. У марах юнака, дарэчы, - стаць настаўнікам гэтага прадмета, а вось у якой установе навучацца на педагога, хлопец пакуль не вызначыўся - час дазваляе.

Непасрэдна пра конкурс Антон сказаў, што пытанні першага тура цяжкімі яму не падаліся, таму спадзяецца і на паспяховы далейшы ўдзел у конкурсе. Для гэтага адначасова з падрыхтоўкай школьных урокаў не стамляецца пашыраць веды па тэме.

Будаваць загадзя планы на перамогу юнак не бярэцца. А мы ўсе яму гэтага жадаем.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Ленінскага УПК ´Дзіцячы сад-СШ´.