Рыхтуемся да пасяўной.

Якім бы ні было ў гэтыя дні надвор´е (а яно пакуль зімовае), факт таго, што сакавік на парозе, прымушае сельгасвытворцаў засяродзіцца на пытаннях арганізацыі веснавых палявых работ і яравой сяўбы. Менавіта засяродзіцца, бо падрыхтоўка да новага сельскагаспадарчага сезону вядзецца, пачынаючы ад восені 2020 года. Гэта і падняцце зябліва, і ачыстка насення збажыны і траў, і рамонт і падрыхтоўка да выхаду ў поле сельгастэхнікі. На працягу зімы ў гаспадарках амаль без супынку займаліся - працягваюць і цяпер - вывазкай на палі арганікі. З набліжэннем вясны актывізаваліся з назапашваннем мінеральных угнаенняў.

- Сітуацыя з мінеральнымі ўгнаеннямі некалькі горшая, чым у мінулым годзе на гэтую пару, - кажа намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктар Садоўскі. - Першачаргова гаспадаркам патрабуюцца азотныя ўгнаенні для падкормкі азімай збажыны і рапсу, якую звычайна пачынаем, як толькі зямля адтае і трактар можа ісці па раллі. З вывазкай КАС няма праблем ў СВК ´Гігант´ і філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´, якія набываюць угнаенні за ўласныя сродкі. У іншых, з-за фінансавага стану, работа марудзіцца. Але ж і ў саміх сельгасарганізацыях, і ў райсельгасхарчы ёсць разуменне таго, што без веснавой падкормкі не абыйсціся, таму сумеснымі намаганнямі шукаем шляхі рашэння пытання. Пакуль жа раён забяспечаны азотнымі мінеральнымі ўгнаеннямі на 30% ад патрэбы.

План яравой сяўбы на 2021 год - крыху болей за 18 тысяч гектараў. Структура пасяўных плошчаў узгоднена, у параўнанні з папярэднім годам асабліва не змянілася. Са змен - павелічэнне прыкладна на паўтысячы гектараў клінку азімага рапсу (да 2 821 га) і з 6,5 да 8,5 тысяч гектараў - культурнай травы. Апошняе выклікана павялічаным заданнем (на 30 тысяч т) па нарыхтоўцы сенажу на гэты год, прычым, якаснага - са злакавых і бабовых траў. Што да азімага рапсу, то ў ім сельгасарганізацыі зацікаўлены з-за высокай рэнтабельнасці і прыбытковасці, попытам карыстаецца як жмых, так і масланасенне. Да таго ж рапс - крыніца бялку для жывёлагадоўлі. Сёлета ім сталі займацца нават тыя гаспадаркі, дзе расліну ўжо колькі год не вырошчвалі ці не вырошчвалі ўвогуле - ААТ ´Стасеўка´, ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´.

Не губляюць інтарэс сельгасвытворцы да кукурузы. На зерне ў раёне запланавана пасеяць 3 400 га - узровень мінулага года, і 4 100 га - на сілас. Столькі ж, як у 2020 годзе, будзе пасаджана бульбы. У ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ працягнуць традыцыю сеяць грэчку - запланавалі 150 га, па 30 га пад культуру адвялі ў ААТ ´Аграмашсэрвіс´, філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ і ў ААТ ´Неўскі-Агра´.

Насення збожжавых і зернебабовых раслін, па словах Віктара Садоўскага, у раёне маецца ў дастатку. А вось кукурузнае гаспадаркі штогод набываюць: сеюць гібрыдамі. Дамовы на яго пастаўку СВК ´Гігант´ і філіял ´Варатынь´ заключаюць напрамую з пастаўшчыкамі - закупляюць за ўласныя сродкі. Іншыя сельгасарганізацыі робяць гэта цэнтралізавана, праз ААТ ´Бабушкина крынка´. Заяўкі ўжо пададзены, гэтым часам праводзяцца тэндары на пастаўку. Што да насення траў, то яго ў раёне маецца прыкладна 60% ад патрэбы. Недастаючае (у асноўным насенне люцэрны) зноў жа плануецца набываць або самастойна, або цэнтралізавана.

Вялікая ўвага, вядома ж, да падрыхтоўкі тэхнікі, якая будзе задзейнічана у веснавых палявых работах. Перад сельгасарганізацыямі вобласці стаіць задача - паставіць яе на лінейку гатоўнасці да 20 сакавіка. Аднак у раённых гаспадарках прыкладваюць усе намаганні, каб з задачай справіцца раней.

Трыбуна працы

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by