Не словам, а справай.

Заўважыла, што наш арганізм здольны на многае, у тым ліку засцерагаць ад стрэсу, выкліканага неабходнасцю ўбіраць у сябе чужую, часта да непрыстойнасці эмацыйную інфармацыю. Калі на пачатку масавай мабільнай тэлефанізацыі працяглыя гучнагалосыя размовы выпадковых ´суседзяў´ па грамадскім транспарце падчас штодзённых ваяжаў на працу і назад у мяне зачастую выклікалі стан, блізкі да ванітавання - з-за гэтага нават даводзілася пакідаць тралейбус, не даехаўшы да патрэбнага прыпынку - то з часам арганізм звыкся, стаў сыходзіць у ´адключку´, ад чаго размовы-скаргі-жарты хоць па тэлефоне, хоць на яве застаюцца як бы па-за мяне.

Між тым, чалавечы арганізм - механізм не пастаянны. Здольны даваць збоі і без відавочных, здавалася б, прычын, а тут яшчэ кавід і звязаныя з хваробай нязручнасці - тут не ўзяцца, там не стаць... Таму нягучныя - указвала на выхаванне - перамовы трох хлопцаў з ранцамі, як цяпер модна, за плячыма, на выгляд 15-17 год, не раздражнялі, а ў некаторы момант нават зацікавілі. Самы рослы і худзенькі расказваў, што рукі ад мазуту ён мые снегам, бо гэта зручней, чым падымацца на другі паверх і шукаць там ракавіну. З іншых яго і сяброў слоў склалася ўражанне, што хлопцы праходзяць вытворчую практыку і дзеляцца ўражаннямі. Як гэта звычайна бывае - ´а ў нас... ´, ´а ў нас... ´

- Уяўляеце, з намі правялі размову па тэхніцы бяспецы, сказалі, калі што здарыцца - аказваць першую дапамогу, а ні бінту, ні жгута, нічога няма, - прыцішна, але эмацыйна ўзрушана кажа самы высокі.

Два другія па-дзіцячы пырскаюць са смеху:

- Ну вы б і сказалі пра гэта.

- Сказалі.

- І што яны?

- А нічога.

- Жэсць...

- Дык мала таго, - працягвае ´высокі´, - кожнаму далі распісацца за выдадзенае быццам бы рабочае адзенне. На самой справе не выдалі, сказалі кожнаму прынесці з дому, - не змяншаючы эмацыйнасці, кажа ён.

- А на гэта што яны сказалі? - ужо без смеху, з павышаным здзіўленнем пытаюцца прыяцелі.

- Ды ў іх на ўсё адзін адказ - няма грошай.

Юны спадарожнік пакінуў тралейбус на прыпынку ці то ´вуліца Шмідта´, ці наступным за ім ´школа´ па вуліцы Мінскай. Але гэта, у прынцыпе, не важна. Важным лічу трансфармацыю, якая можа здарыцца з усведамленнем маладога чалавека і пачынаючага работніка ў выніку безадказнасці, несумленнасці і недальнабачнасці дарослых, якія перанялі ад школы працэс яго выхавання.

Тое, што справа можа разыходзіцца са словам (у школе ці іншай навучальнай установе, напэўна ж, засвойвалі правілы тэхнікі бяспекі) і што праўду з лёгкасцю можна падмяніць няпраўдай, чалавека звычайна спачатку здзіўляе, пасля абурае, далей ён з гэтым звыкаецца, успрымае, як норму. І шанцы таго, што, стаўшы ў галаве прадпрыемства, таксама не знойдзе грошай на аптэчку, прапануе паставіць подпіс пад тым, што не адпавядае рэчаіснасці, значна павялічваюцца. Але ж ці хацеў бы кожны з нас: для сябе, дзяцей і ўнукаў, працы на вышэйапісаным прадпрыемстве?

Я пра тое, што тэорыя так і застанецца тэорыяй, калі яе не падмацоўваць практыкай. Таму ж дзіцяці можна хоць колькі гаварыць, што нельга ісці на чырвонае святло. Але калі бацька ці маці, папярэдне пра тое казаўшы, дазволілі сабе парушыць правілы - дзіця ў большасці выпадкаў паступіць гэтак жа. Можна хоць колькі казаць пра клопат пра людзей, але подпіс замест спецадзення не дазволіць уроку засвоіцца.

Я пра тое, што выхоўваць у чалавеку чалавека трэба не словам, а справай.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by