Вяселляў у раёне стала меней.

593 актавыя запісы зарэгістраваны аддзелам ЗАГС Бабруйскага райвыканкама і сельскімі выканаўчымі камітэтамі ў 2020 годзе (для параўнання, у 2015-м - 839). Прычым, найбольшая колькасць актаў прыйшлася на Слабадкоўскі сельвыканкам (88), найменей - на Вішнёўскі (23).

Актаў, якія сведчаць нараджэнне дзіцяці, у адыйшоўшым годзе ў раёне зарэгістравана 70 (у 2015-м - 170). У тройцы лідараў па гэтым паказчыку Слабадкоўскі (18 актавых запісаў), Гарбацэвіцкі (13) і Бортнікаўскі (11) сельвыканкамы, ´у хвасце´ - Сычкаўскі і Кавалёўскі (па 1 акце).

Запісаў актаў смерці грамадзян у 2020 годзе 406 супраць 452-х у 2015-м. Найбольшая колькасць памерлых за гэты перыяд у Бортнікаўскім сельсавеце - 68 чалавек, меней астатніх - у Вішнёўскім (21). Найбольшая разбежка паміж колькасцю зарэгістраваных актавых запісаў смерці і нараджаемасці адзначана ў Кавалёўскім сельвыканкаме 27 да 1. Пры гэтым у Хімоўскім - 32 да 3, Цялушскім - 31 да 4, Сычкаўскім - 24 да 1, Слабадкоўскім - 63 да 18, Гарбацэвіцкім - 44 да 13, Варатынскім - 25 да 9, Брожскім - 30 да 4, Глушанскім - 41 да 4, Бортнікаўскім - 68 да 11, Вішнёўскім - 21 да 2.

Аднак прыведзеныя паказчыкі нараджаемасці, як нам паведамілі, нельга лічыць канчатковымі.

- Многія маладыя вяскоўцы, асабліва жыхары блізкіх да Бабруйска сельсаветаў, узялі за моду рэгістраваць нараджэнне дзіцяці ў гарадскім органе рэгістрацыі, а значыць, у статыстыку нашага загса такія акты не ўвайшлі, - тлумачыць начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Марына Міхайлаўна Емяльянава.

Тое ж датычыцца шлюбаў - зарэгістраваныя ў гарадскіх органах не будуць адлюстраваны ў раённай статыстыцы. Але ж з практыкі можна сказаць, як адзначае начальнік аддзела, што якраз-такі шлюбы сяльчане часцей за ўсё рэгіструюць па месцы жыхарства - у сельвыканкамах ці раённым загсе (на апошні прыйшлася палова з зарэгістраваных у мінулым годзе шлюбаў - 37 з 76-ці, у 2015 г. - 125). Дарэчы, Вішнёўскім і Хімоўскім сельвыканкамамі за студзень-снежань не зарэгістравана ніводнага шлюбу, Варатынскім і Гарбацэвіцкім - найболей (па 8 кожным). Запісаў актаў скасавання шлюбу ў мінулым годзе зарэгістравана 6 (у 2015 г. - 12).

Таксама з цікавага: наймаладзейшаму жаніху ў мінулым годзе быў 21 год, нявесце - меней за 18. Шлюбам пабраліся 6 нявест-пенсіянерак, ніводны з мужчын-пенсіянераў на такі адказны крок не рызыкнуў. Найчасцей ´узамі Гіменея´ звязвалі сябе мужчыны ўзроставай катэгорыі 31-35 год (14 з 76), жанчыны - 36-40 год (12 з 76). таксама плённым для стварэння сям´і ў жыхароў раёна стаў узрост: для мужчын - 23-25 год (14 шлюбаў) і 41-45 год (11), для жанчын - 19 год (6 шлюбаў), 31-35 (11) і 36-40 (12). Сярэдні ж узрост тых, хто пабраўся шлюбам, склаў у мужчын 36 год, у жанчын - 33.

З 70-ці зарэгістраваных у раёне нараджэнняў 36 хлопчыкаў і 34 дзяўчынкі. Імёны немаўлятам далі самыя розныя. І ўсё ж у абсалютнай перавазе сярод жаноцкіх - Сафія (рэдкія - Аміна, Міраслава, Валянціна, Надзея). Сярод мужчынскіх аднолькава запатрабаванымі сталі імёны Дзмітрый, Максім, Мацвей і Цімафей. Сярод нячастых - Алан і цяпер ужо рэдкае - Юрый.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву.

иcтoчник: www.tribunapracy.by