У раёне працуе група па ўзнаўленні статка.

Група па ўзнаўленні статка буйной рагатай жывёлы створана і працуе ў раёне цягам года. У яе складзе супрацоўнікі Бабруйскага філіяла Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства і раённай ветэрынарнай станцыі. Задача групы - да 10 чысла кожнага месяца праводзіць дыягностыку кароў на сцельнасць, працаваць з жывёлай, якая не прыходзіць у ахвоту.

- З шэрагу метадаў вызначэння сцельнасці жывёлы выкарыстоўваем рэктальны і УЗІ-дыягностыку, - кажа кіраўнік групы, начальнік Бабруйскага філіяла Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства Раіса Кавалёва. - Дзякуючы рэктальнаму даследаванню можна не толькі дыягнаставаць цяжарнасць у каровы, але і атрымаць інфармацыю пра функцыянальныя парушэнні падчас бясплоддзя. Праўда, гэты метад дазваляе атрымаць дакладны дыягназ не раней за 2-3 месяцы пасля асемянення жывёлы. Іншая справа - рэктальная дыягностыка з дапамогай УЗІ, калі зародак можна пабачыць у сярэднім праз месяц пасля паспяховага асемянення. А значыць - скараціць 2 месяцы перагулу рагуль, павялічыць эканамічную эфектыўнасць узнаўлення на 20-25%.

На МТФ в. Ламбава ААТ ´Неўскі-Агра´, дзе ў мінулы чацвер засталі членаў групы па ўзнаўленні статка, рэктальную УЗІ-дыягностыку праводзілі ветурач дзяржплемпрадпрыемства, малады спецыяліст з планамі на працяг работы ў раёне Галіна Абнізава і ўрач-гінеколаг райветстанцыі са значным прафесійным стажам Дзмітрый Міхальчук. Іншыя члены групы ў гэты час працавалі на МТФ в. Слабада Бабруйскага ААТ ´Аграмашсэрвіс´.

У раёне працуе група па ўзнаўленні статка.

Жывёлавод Марыя Харанека дапамагае ўтрымліваць рагулю, Дзмітрый Міхальчук робіць УЗІ-дыягностыку

- Дапамагаем тым, хто самі не спраўляюцца і дзе патрабуецца УЗІ-дыягностыка, - адзначае Раіса Кавалёва. - На многіх малочных аб´ектах гэтая работа выконваецца намаганнямі саміх спецыялістаў сельгасарганізацый - аператараў па штучным асемяненні кароў.

Глядзім тых, што асемянілі ў лістападзе, і тых, што не прыходзяць у ахвоту, - расказвае Галіна Абнізава.- У некаторых кароў выявілі гіпафункцыю, гэта значыць, трэба пралечваць, стымуляваць і затым зноў рэкталіць.

У раёне працуе група па ўзнаўленні статка.

Ветурач Галіна Абнізава і загадчыца МТФ Наталля Рудзько падчас дыягнастычных мерапрыемстваў

Дзмітрый Міхальчук тым часам упэўнена, з веданнем справы (дазваляюць навыкі і вопыт) пераходзіць ад адной рагулі да другой, на якую ўказвае (памечана ў журнале) загадчыца фермы Наталля Рудзько.

Ранняя дыягностыка сцельнасці кароў надзвычай важная для сучаснай малочнай жывёлагадоўлі: дазваляе значна скараціць сэрвіс-перыяд, што прыносіць гаспадаркам істотны эканамічны эфект.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by