´Узышла зора ясна... ´.

´Узышла зора ясна... ´

´Узышла зора ясна/ З востока на полудень,/ Над верте памсияла,/ Тром царам извещала... ´. Гэтыя словы і шэраг іншых мне з малодшым братам і старэйшай сястрой трэба не толькі вывучыць, але і з правільнай мелодыяй праспяваць. Справа не з лёгкіх. Сэнс многіх выразаў незразумелы, а мелодыю, як мне здаецца, бабуля штораз мяняе.

- Баба, а што такое верте? А як гэта зара памсіяла? А чаму цароў тры?

Пытанні сыплем адно за другім. І калі пра цароў бабуліны тлумачэнні яшчэ больш-менш зразумелыя, то што значыць ´зора... памсияла´ так і застаецца няўцямным.

- Менш пытайцеся, а болей запамінайце, - адмахваецца бабуля Матруна, нахіляючыся над грубкай, у якой весела патрэсквае паленне, і ў каторы раз заводзіць калядную песню.

- Мама, можа б Вы ім якую лягчэйшую, - спрабуе заступіцца за нас перад свякроўкаю матуля.

- Няхай вучаць добрую, што знарок галаву тужыць? - адказвае бабуля. І разам з ёй мы - спачатку ´хто ў лес, а хто па дровы´, пасля значна страйней зацягваем ´зорку´.

Узрушанасць ад набліжэння самага значнага ў годзе свята адчуваецца ва ўсім - складаецца да месца свежаніна, прыводзяцца ў ´застольны´ выгляд гусі-качкі, з асаблівай пільнасцю наводзіцца лоск у хаце, выменьваюцца рублі на капейкі, каб было з чым сустрэць калядоўшчыкаў. У нас, малых, свой клопат - калядаваць ідзем упершыню, ад чаго і хвалююча, і крыху баязліва.

У дзень Раства прахапляюся надосвітку, пакрыўджана праводжу позіркам брата, які шпарка апранаецца ў паліто і валёнкі, каб ісці (у маміным суправаджэнні) ´паздараўляць´: віншаваць са святам сваякоў і суседзяў (па палескай традыцыі гэта робяць да ўзыходу сонца і толькі хлопчыкі). Мне ж застаецца чакаць вечара - традыцыйнага часу калядоўшчыкаў.

- Мама, баба, ужо пара?

Слова ´ісці´ не патрабуецца, бо пытанне задаем з рэгулярнасцю меней чым у дзесяць хвілін, пачынаючы ад трох гадзін пасля абеду.

Прахінуўшы фіранку, бабуля кідае позірк у вакно, з усмешкай на вуснах ківае: ´Ідзіце´.

Нам з Ванем - сястра адмовілася яшчэ на стадыі рэпетыцый - двойчы паўтараць не трэба. Імкліва зрываемся з драўляных самаробных табурэтак (сямейны скарб: іх зладзіў трагічна загінулы ў войску бабулін сын, мой дзядзька), і ў адно імгненне хаваемся за дзвярыма. Ужо наўздагон маці гукае, каб далёка не адыходзілі, бо хутка сцямнее, і, каб мы не бачылі - занадта хочам быць дарослымі - у суправаджатыя адпраўляе бацьку.

Цётка Насця, Маня, Каця, Ліда, дзве Вольгі - пара і паварочваць. А так не хочацца: вёска толькі пачынае напаўняцца галасамі калядоўшчыкаў. Можна б было перайсці праз дарогу, на іншую вуліцу... Разважаем нядоўга - намер перапыняе бацька. Яго скрыпучыя крокі па скаваным марозам снезе мяне спачатку пужаюць, а пасля радуюць: усё ж такі быць за старэйшую няпроста, асабліва, калі ў кожным гуку чуецца сабачы брэх.

Прыбыткі падлічваем яшчэ не распрануўшыся. Спрачаемся аж да слёз: як не раскладвай, а капейкі цёткі Мані ´дзесяць´ і ´пятнаццаць´ пароўну не падзеліш. Бацька заўвагамі-жартамі сітуацыю толькі падзужвае, маці не да нас: занята адорваннем чарговага гурту калядоўшчыкаў. У дзялёжку ўмешваецца бабуля. Абураючыся на Маніну нерастаропнасць, прыносіць акуратна завернутыя ў насоўку медзякі і ´белыя´, каб братавы ´дзесяць´ (´пятнаццаць´, вядома ж, у мяне - на тое і старэйшая) падвялічыць. Між намі зноў лад. Цяпер ужо утрох (далучаецца сястра) гучна ´выдаем´ каляды хатнім і марым, як назаўтра пойдзем спяваць да бабы і дзеда ´далёкіх´, да цётак і хросных, а паслязаўтра, на трэці дзень Раства, госці па традыцыі прыйдуць да нас. Яшчэ некалькі разоў пералічваем накалядаванае, абменьваемся туды-сюды дробяззю, складваем то белыя з жоўтымі, то паасобку і стомленыя, але шчаслівыя, пад смех і галасы калядоўшчыкаў засынаем.

... За тымі першымі калядамі ў маім жыцці былі і другія, і трэція, безліч іншых. Калядаваць хадзілі рознаўзроставай кампаніяй вулічнай дзятвы, з аднагодкамі і сябрамі, з ´Казой´, у суправаджэнні гармоніка і гітары... Калі вырасла, прыйшло разуменне, што бабуліна песня - пра Віфлеемскую зорку, якая (з Евангелля) ўзышла, каб паказаць тром мудрацам, у песні ´тром царам´, шлях да народжанага Хрыста. І зусім яна не ´над верте памсіяла´, як спявалі мы малыя, а ´над вертепом сияла´ - непаразуменні ўзніклі праз перарванае бабулінай мелодыяй слова. Але хіба ў гэтым сутнасць? Калядная ´Зорка´, як і само свята Божага нараджэння, зараджалі нас энергіяй, абагачалі духоўна, давалі ўпэўненасць у ажыццяўленні мар.

... Такі ж адбітак - узрушанасці, шчасця - пакінулі Каляды і ў маіх дзяцей. Пытання ехаць ці не на Палессе на свята ў нашай сям´і не стаяла. Нягледзячы што сталі самастойнымі, яны і цяпер ´паздараўляюць´ родных з Калядамі. Хоць не да світанку і часцей - па тэлефоне, без намеру атрымаць калядніка, пажадаць бабулі традыцыйнае ´дай, Божа, гэты год правесці ды наступнага дачакацца´ лічаць за святое.

Я ж і цяпер з гатоўнасцю адчыняю дзверы рэдкім калядоўшчыкам. Не важна - сапраўды яны нясуць у дом шчасце (так лічылася) ці справа ў адвечнай надзеі пражыць наступны год лепей за адыйшоўшы. Жыццёва важна (і сёлета асабліва) напоўніцца пазітывам старадаўняй традыцыі, заручыцца верай і надзеяй, што пуцяводная біблейская ´зора ясна´, як спяваецца ў бабулінай ´добрай песні´, для ўсіх абавязкова ўзыдзе.

Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

иcтoчник: www.tribunapracy.by