І крочыць Ёлка са мной у нагу.

Як шмат у нас закладваецца з маленства! І з якой пяшчотай з гадамі імкнемся захаваць усё (кажу найперш пра сябе), што нагадвае тую бесклапотную, нічым не азмрочаную - хіба што нязначнымі хвіліннымі дзіцячымі крыўдамі, пару. Адчуванне дзяцінства - не памяць, а менавіта адчуванне - на ўзроўні пахаў, схаванае глыбока ўнутры, раз-пораз выпраменьваецца вонак, не даючы перарвацца тоненькаму ланцугу-пупавіне, які нас сённяшніх звязвае з намі ´тымі´, а разам і забыцца - хто мы, што мы, адкуль выйшлі і куды прыйшлі.

Момантаў, якія дазваляюць крануцца дзяцінства і выразна яго ´адчуць´, асабіста ў мяне не так шмат. Іх можна пералічыць па пальцах. Вось я стаю ў зале ля стала, за якім у куце ўзвышаецца навагодняя елка... Побач нікога. Святло ў пакоі выключана, толькі рознакалярова міргаюць гірлянды. Ад гэтага і бліскучы дожджык, і цацкі - вялікія і маленькія шары з ´перакінутымі´ па шырыні палоскамі, з яловымі галінкамі, цацкі-хаткі, гадзіннікі, снегавікі, кропелькі, плоскія ´срэбныя´ зайчыкі, пеўнікі, мядзведзі, абавязкова цукеркі і то тут, то там раскіданыя ватныя шматкі (імітацыя снегу) - ствараюць атмасферу таемнасці, моцна кранаюць маю дзіцячую душу, заварожваюць, клічуць у чароўную, напоўненую цудамі казку... З таго, што лясная прыгажуня здаецца непамерна вялікай, што гляджу на яе высока задраўшы галаву і ва ўпрыгожанні ёлкі не ўдзельнічала (клалася спаць, як у хаце казалі, з курамі), раблю выснову, што гадкоў мне ў тым успаміне не болей пяці.

Але як жа выразна дагэтуль - трэба толькі заплюшчыць вочы і некалькі хвілін так пастаяць - адчуваю водар гэтага моманту, непамерную дзіцячую радасць і шчасце ад таго, што вось ён, Новы год, нарэшце прыйшоў!

Яшчэ адзін такі ж яскравы ўспамін ізноўку звязаны з чаканым зімовым святам. У ім я - школьніца, у бялюткай кароценькай паркалёвай сукенцы ´сняжынкі´ з нашытымі панізу і на каўнерыку пацёркамі, на галаве - зіхацістая карона, упрыгожаная бліскучкамі ад спецыяльна пабітых для гэтага елачных цацак (методыку выкарыстоўвала не адно пакаленне савецкіх дзяцей) - пераступаю парог школьнай актавай залы, каб прыняць удзел у даўгачаканым навагоднім ранішніку, і ах!.. Якая прыгажосць! Паўсюль гірлянды (іх рабілі ўсім класам і мы), квяціста-зіхацістая, вышынёй да неба, з чырвонай зоркай на вярхушцы елка і такі насычаны, разбаўлены звонкімі дзіцячымі галасамі і грукатам Дзеда Марозавага посаху, хваёвы пах!.. Той пах і адчуванне непамернага шчасця ад урачыстасці моманту, сябе прыгожай, матулінай прысутнасці (для бацькоў прызначаліся лаўкі паўз сцен), ад прадчування цудаў лёгка аднаўляю ў памяці і цяпер - трэба толькі заплюшчыць вочы і крышачку так пастаяць...

З пары майго дзяцінства якой толькі моды не перажыла навагодняя ялінка. Добрым густам лічылася прыбіраць яе то выключна ў срэбныя цацкі, то ў чырвоныя, то ў сінія з блакітам.

Мае знаёмыя, да прыкладу, штогод апранаюць лясную прыгажуню ў золата, па традыцыі апошніх год робяць гэта не напярэдадні, а за некалькі тыдняў да новага года (са штучнай такое можна дазволіць). І ніякіх табе зайчыкаў ці мядзведзяў - толькі шары і толькі аднаго ці, на крайні выпадак, двух памераў.

Не скажу, што гэта без густу ці непрыгожа. Проста са мной у нагу крочыць Ёлка майго дзяцінства - жывая, рознакаляровая, з хаткамі і снегавічкамі, гадзіннікамі і кропелькамі - берагу іх асабліва - абавязкова з цукеркамі і бліскучым дожджыкам.

Як і ў гады маленства, прыбіраю ялінку за некалькі гадзін да надыходу новага года. Зрабіўшы апошні штрых, уключаю гірлянду, на ўсю моц убіраю ў сябе ні з чым непараўнальны пах елкі, марознага паветра і снегу (і нічога, што за вокнамі плюс па Цэльсію), заплюшчваю вочы і вось ён - трапяткі водар кранальных імгненняў далёкага дзяцінства! Ура! Атрымалася - я яго адчула! З Новым годам!

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by