У ´Неўскім-Агра´ нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці малака.

За студзень-лістапад валавы надой у гаспадарцы склаў 439 750 кг або 107,5% да адпаведнага перыяду мінулага года, рэалізацыя за гэты перыяд - 374 640 кг ці 105,9%. Сярэдняя дзённая валавая вытворчасць малака па гаспадарцы - 14 500 кг (120%), сярэднесутачны ўдой на карову - 10,5 кг (+1,7 кг).

- Расцем па малаку, - кажа выканаўчы дырэктар ААТ ´Неўскі-Агра´ Аляксандр Аляксандравіч Атрохаў. - На гэта паўплывалі многія фактары. Тут і кадравая палітыка - некаторых работнікаў, на жаль, прыйшлося звольніць за парушэнні працоўнай дысцыпліны. На іх месца прыйшлі добрасумленныя, адказныя людзі, якія хочуць працаваць. МТК ´Туркі´ ўзначаліла новая загадчыца, якая сваёй ранейшай працай даказала, што ўмее арганізаваць вытворчы працэс. Жывёлаводамі з лета працуюць таксама і работнікі са Століншчыны Брэсцкай вобласці, прэтэнзій да людзей ніякіх, стараюцца. Мы са свайго боку стварылі ім належныя ўмовы - забяспечылі добраўпарадкаваным інтэрнатам. Яшчэ адзін фактар росту - строгае выкананне тэхналогіі вытворчасці малака, без чаго цяпер не абыйсціся. Самы сур´ёзны падыход да кармлення жывёлы, дзе зноў жа арыентуемся на тэхналагічныя патрабаванні. Нядаўна на базе нашай гаспадаркі прайшоў раённы семінар па жывёлагадоўлі, дзе мы расказвалі і паказвалі, як правільна вырошчваць маладняк. Словам, стараемся.

Пра тое, што імкнуцца да павелічэння надояў і вынікі ёсць, паведамілі і на малочна-таварным комплексе в. Туркі (зрэшты, менавіта тут і прайшоў семінар) - адным з чатырох аб´ектаў малочнай галіны ААТ ´Неўскі-Агра´. Комплекс сучасны - з даільнай залай, у эксплуатацыі крыху болей за год. З сярэдзіны чэрвеня да загадчыцкіх абавязкаў на ім прыступіла Таццяна Фясюк. Абавязкі для жанчыны не новыя: на працягу не аднаго года яна ўзначальвала калектыў МТФ ´Багушоўка´ ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´, які неаднаразова прызнаваўся пераможцам раённага спаборніцтва ў сваёй катэгорыі. Рашэнне змяніць не толькі вытворчы аб´ект, але і месца жыхарства (у Кавалях сям´і вылучылі добраўпарадкаваны дом), Таццяне Іванаўне далося, як кажа, нялёгка - спатрэбіўся некаторы час, каб абдумаць прапанову. Але ж стыль кіраўніцтва Аляксандра Атрохава, пад чыім началам на працягу некаторага часу працавала, пераважыў - і цяпер пра змены не шкадуе.

У ´Неўскім-Агра´ нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці малака.

З прыходам новага загадчыка памяшканні старой фермы ў Турках закрылі, жывёлу перавялі ў два хлявы новага комплексу.

- Рагуль мы рассартавалі, адабралі забракаваных, на іх месца паставілі нецеляў. У выніку дойны статак зменшыўся, але не яго прадуктыўнасць (на сёння валавая вытворчасць за дзень - 3 308 кг ці 172%, удой на адну карову - 15,2 кг (+2,6 кг)). Між тым і цялушак, і нецеляў у нас дастаткова. Таму паступова дойнае пагалоўе будзем нарошчваць, а з ім, вядома ж, і малако. Цяпер жа ўзмоцнена працуем над прадуктыўнасцю жывёлы, выкарыстоўваем усе рэзервы для гэтага. Корму ў дастатку, разнастайны, багаты на бялок, камбікорм уласнага памолу і набыты, выкарыстоўваем неабходныя дабаўкі, - расказала загадчыца.

Пакуль комплекс запоўнены на 70%. Акрамя дойных рагуль, якіх 241, стаяць нецялі, цялушкі. Але ж за гэтую зіму, па меркаваннях галоўнага заатэхніка Сямёна Мурашкі (працоўны стаж у ААТ ´Неўскі-Агра´ 14 год, усяго ў сельгасвытворчасці - болей за 35), памяшканні плануецца запоўніць цалкам. І тут немалаважная роля, як было заўважана, тэхніка-асемянатара Таццяны Алегаўны Казлоўскай (яна ж лабарант).

У ´Неўскім-Агра´ нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці малака.

У бліжэйшых планах - будаўніцтва на комплексе асобнага памяшкання пад радзільнае аддзяленне, што дазволіць заняць абодва яго хлявы толькі малочным пагалоўем.

З ліпеня гэтага года МТК ´Туркі´ рэалізуе малако выключна гатункам ´экстра´. І гэта, як лічыць кіраўніцтва жывёлагадоўчага аб´екта, заслуга людзей, якія тут працуюць, найперш аператараў машыннага даення - сясцёр Таццяны Іванаўны Грынь і Галіны Іванаўны Захаранка.

- Якасць прадукцыі на 99% залежыць ад адносін даярак да работы, - удакладняе загадчыца. - Правільна апрацаваць вымя перад дойкай, здаіць першае малако, прыняць пры неабходнасці рашэнне - уключаць рагулю ў асноўную дойку ці падаіць асобна - усё гэта на аператарах. Ветурач лечыць, але ён не можа адначасова ахапіць увагай усю жывёлу. Скажам, своечасова выявіць праблемы з вымем. Гэта на даярцы. І ад таго, як яна сябе павядзе - тут жа заб´е трывогу ці прамарудзіць - залежыць многае. Нашы дзяўчаты малайчыны: і сваю справу ведаюць, і ветурачу дапамагаюць - выяўляюць масціты, аказваюць садзеянне ў лячэнні. Вялікая адказнасць, вядома ж, на доктары - у час пралячыць жывёлу, правакцыянаваць. Шмат залежыць ад слесара даільнай устаноўкі - наколькі чыстым будзе абсталяванне, як своечасова будуць заменены фільтры. Гэтае, як і шэраг іншых абавязкаў, на Алегу Аляксандравічу Архіпенку, выконвае ён іх бездакорна.

- Гэта значыць, якасць залежыць ад усіх, хто мае дачыненне да працэсу дойкі. Таму так важна, каб кожны ў калектыве з адказнасцю ставіўся да даручанага, - падсумоўвае Сямён Станіслававіч.

Цёплыя адозвы на МТК таксама пра жывёлаводаў, у тым ліку тых, якія працуюць з маладняком. Выдатна спраўляюцца з абавязкамі прыезджыя са Століншчыны работнікі. На ферме яны, як тут кажуць, ад 5 раніцы да 7 вечара. Гэта людзі, за якімі не трэба хадзіць, якім не трэба ўказваць, што, дзе і калі рабіць, якіх не трэба кантраляваць.

Яшчэ адной бясспрэчнай умовай павелічэння надояў лічаць на МТК увагу кіраўніка да вытворчасці. Прычым, аднымі справаздачамі Аляксандр Атрохаў не задавольваецца. Літаральна штодня (здараецца, не па разу) наведваецца на малочна-таварны комплекс, іншыя аб´екты галіны, каб упэўніцца, што ўсё там у парадку ці, калі патрабуецца, ацаніць фронт клопатаў.

На запытанне, ці годны заробак прапаноўвае гаспадарка людзям, якія гатовы выкладвацца і выкладваюцца дзеля нарошчвання аб´ёмаў малака, паляпшэння фінансавага стану сельгасарганізацыі, у ´Неўскім-Агра´ далі станоўчы адказ.

- У ліпені павялічылі расцэнкі на работы ў галіне. Таму там, дзе працуюць, там і зарабляюць добра, - канстатавалі ў гаспадарцы.

Гэта радуе. Бо хто б што ні казаў, а настрой на працу, вытворчасць працы кожнага работніка - у прамой залежнасці ад яго заробку.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by