У майстэрнях заняты рамонтам тэхнікі

Традыцыйна ў лістападзе раён прыступіў да падрыхтоўкі тэхнікі да новага сельскагаспадарчага сезону. Гэтаму папярэднічалі распрацаваныя ў кожнай гаспадарцы графікі рамонтаў і на іх падставе - складзеная і рашэннем райвыканкама зацверджаная раённая праграма падрыхтоўкі сельгасмашын да веснавой пасяўной.

- Аб´ём работ сёлета трэба будзе выканаць прыкладна такі ж, як у папярэднім годзе, - адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Каўранін.

- Гэта 109 трактараў (у тым ліку 20 энерганасычаных) з 280 тых, што маюцца ў раёне. У мінулым годзе да рамонту належала 82 трактары, але ж зразумела, што з кожным годам тэхніка старэе. Пры нарматыўным тэрміне эксплуатацыі 10 год машыны ў нас працуюць і значна болей. Напрыклад, ёсць трактары 2003, 2006 гадоў выпуску (замежнай вытворчасці), 2007, 2008 - айчынныя.

- Ці залежыць стан тэхнікі ад механізатара, які на ёй працуе?

- Чалавечы фактар тут, як лічу, асноўны. Уважлівае стаўленне механізатара да тэхнікі: своечасовае яе абслугоўванне, акуратная эксплуатацыя без сумнення падаўжаюць жыццё трактароў.

- Каб падрыхтаваць тэхніку, ці спатрэбіцца сёлета кампетэнцыя і магчымасці спецыяльных рамонтных прадпрыемстваў?

- Без гэтага не абыдзецца. Дзве адзінкі тэхнікі будзем рамантаваць на спецкропцы - ААТ ´Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс´. Трактары энерганасычаныя, таму каробкі перадач, рухавікі ў іх імпартныя. Адпаведна, абыходзяцца і ў большыя грошы. Астатнія рамонты - больш дробныя, іх будуць выконваць у гаспадарках самастойна. Сваімі намаганнямі будзем перабіраць і ўсе пасяўныя агрэгаты, дзе галоўнае - рукі.

- Тэрміны падрыхтоўкі тэхнікі акрэсленыя?

- Першапачаткова стаіць задача адрамантаваць машыны для ўнясення арганічных угнаенняў. Затым - плугі, дыскатары, культыватары. І нарэшце - пасяўнуыя агрэгаты, рамонты якіх грашова болей затратныя. Іх запланавана падрыхтаваць да 1 сакавіка. Пачаўшы рамонты ў лістападзе, пік звычайна прыходзіцца на студзень-люты, калі ўжо цалкам завершаны палявыя работы, а тэхніка пастаўлена на захаванне. Сёлета, праўда, сітуацыю некалькі ўскладніў каронавірус - многіх механізатараў не абмінула хвароба, але спадзяемся, што ў вызначаны графік рамонту ўкладземся.

- Умовы для работы ў зімовы перыяд для людзей створаны?

- Кожная майстэрня абсталявана пунктам для абагрэву механізатараў. Эканамістамі распрацаваны ўмовы аплаты на гэты перыяд. Таму якіх-небудзь пытанняў у гэтым плане ўзнікнуць не павінна.

- Ці ў сельгасарганізацый будзе магчымасць (пры неабходнасці) скарыстацца матэрыяльнай падтрымкай на патрэбы рамонтаў тэхнікі?

- Мяркую, што аналагічна папярэднім гадам, на падрыхтоўку тэхнікі гаспадаркам будзе аказана бюджэтная дапамога (субсідыі пад будучы ўраджай). У мінулым годзе яе аказвалі на рамонт энерганасычаных трактароў, пасяўной тэхнікі - на тое, што каштуе немалых грошай.

- У якіх гаспадарках традыцыйна якасна пастаўлена работа па падрыхтоўцы тэхнікі?

- Тут можна адзначыць філіял ´Харчавік-Агра´, СВК ´Гігант´, філіял ´Варатынь´, ААТ ´Неўскі-Агра´. Хацелася б, каб сёлета гэты спіс папоўніўся.

Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

иcтoчник: www.tribunapracy.by