Нацэлены на паспяховую працу - МТФ ´Іванаўка´ ААТ ´Міхалёўская Ніва´.

У малочнай галіне ААТ ´Міхалёўская Ніва´ адзначаны прыкметныя зрухі. Са студзеня па кастрычнік, у параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года, у гаспадарцы амаль удвая (тэмп росту 180%) павялічылі ўдой малака на карову. Апошняе, як лічаць у гаспадарцы, стала магчымым дзякуючы комплексу мер, у тым ліку паляпшэнню кармавой базы, рабоце па аднаўленні статку, ´павароту´ да тэхрэгламентаў у жывёлагадоўлі.

І хоць да перадавых раённых гаспадарак (філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´, філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´) міхалёўцам яшчэ далёка, крок у гэтым накірунку зроблены, а значыць, ёсць падстава спадзявацца, што будзе і другі, і трэці...

Нацэлены на паспяховую працу - МТФ ´Іванаўка´ ААТ ´Міхалёўская Ніва´.

Ірына Леанідаўна Верас

Сярод калектываў малочнай вытворчасці ў ´Міхалёўскай Ніве´ вылучаюць калектыў МТФ аг. Іванаўка. Па стане на 24 лістапада валавая вытворчасць малака за дзень склала 4 070 кг (+1 110 кг), тэмп росту - болей за 130%. Сярэднесутачны ўдой на карову - 11,8 кг, што на 3,9 кг болей, чым на адпаведнае чысло мінулага года. Таварнасць - 93%.

У наступным месяцы будзе два гады як ферму ўзначальвае Ірына Верас. Адказная і прынцыповая, з арганізатарскім стрыжнем і высокай выканаўчай дысцыплінай, загадчыца гэтак жа добра, як сваю, разумее даярскую справу: да таго як узначаліць калектыў, на працягу 10 год сама працавала тут аператарам машыннага даення. Таму яе падказка і парада аўтарытэтная для падначаленых не толькі як ´начальніцкая´, але найперш як прафесіянала-настаўніка.

- Калектыў у нас малады, зладжаны. Мы не п´ем гарэлкі, а працаваць любім, - з жартам і ўсур´ёз кажа Ірына Леанідаўна, спешна пакідаючы нас для ´зняцця´ ўзнікшага пытання.

Дробныя і не надта, праблемныя моманты, як на любым вытворчым аб´екце, здараюцца, і тут галоўнае - не зацягнуць з вырашэннем. Тэрмінова рэагуюць у гаспадарцы і на тыя, што патрабуюць кампетэнцыі кіраўніцтва. Неабыякавая, актыўная і патрабавальная Алена Васільеўна Пацыенка, па словах загадчыцы фермы, своечасова рэагуе на кожны зварот, не дае перарасці пытанню ў праблему.

Над атрыманнем малака на МТФ аг. Іванаўка рупяцца 12 чалавек, работнікі і спецыялісты. У аснове сёлетняга павелічэння надояў, як кажа загадчыца, многія фактары, але найперш - работа па аднаўленні статку.

Замянілі частку непрадуктыўных кароў на маладняк, нецеляў, якіх тут жа на ферме і выгадавалі, - заўважае Ірына Верас.

- Рассартавалі жывёлу, арганізавалі кармленне па фазах лактацыі. Кормам рагулі забяспечаны, без перабояў даем канцэнтраты. Малако на продаж пастаўляем выключна гатункам экстра, і гэта ўжо найперш заслуга дзяўчат-даярак, якія ажыццяўляюць даенне ў адпаведнасці з тэхналогіяй. І што асабліва важна - працуем у цесным узаемадзеянні са спецыялістамі: вопытнымі тэхнікам-асемянатарам Таццянай Мікалаеўнай Кажадуб, галоўным ветурачом Уладзімірам Анатольевічам Ярмольчыкам, галоўным заатэхнікам Нінай Сяргееўнай Крычко.

´Станоўчы вынік на рабоце, вядома ж, дае задавальненне, - кажа Ірына Леанідаўна. - Адчуванне таго, што рухаешся ў правільным накірунку, што старанне дае вынік - заўжды прыемна. А калі радуюць і дзеці (старэйшыя дачушкі навучаюцца на медыка і педагога, малодшая - школьніца-выпускніца), то хочацца працаваць яшчэ лепей, тым болей што патэнцыял для росту ў калектыва ёсць.

Нацэлены на паспяховую працу - МТФ ´Іванаўка´ ААТ ´Міхалёўская Ніва´.

Святлана Фёдараўна Шмыгун

Для Святланы Фёдараўны Шмыгун, якая ў цяперашнім калектыве іванаўскіх даярак, можна сказаць, навічок (працуе з красавіка гэтага года), абавязкі па даенні і доглядзе жывёлы ўсё ж добра вядомыя. На гэтай ферме яна працавала і раней, але па стане здароўя была пераведзена ў паляводчую брыгаду. А ўвесну гэтага года жанчыну паклікалі ў аператары машыннага даення, каб даць магчымасць іншым схадзіць у адпачынак. На запрашэнне адгукнулася. Работа, калектыў і добры заробак прыйшліся па душы. Таму, калі прапанавалі папоўніць штат, не адмовіла.

- Заробак на ферме залежыць ад таго, як спрацуем усе разам (да даення належаць звыш 300 рагуль), таму я, як і кожная даярка, імкнуся рабіць усё ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Каб і грошай зарабіць болей, і не падвесці калектыў, загадчыцу, чый дзень у турботах, у вырашэнні шматлікіх арганізацыйных пытанняў, - дзеліцца Святлана Фёдараўна.

Шэсць гадоў за аператара машыннага даення на МТФ аг. Іванаўка Раіса Аляксандраўна Лук´яненка. Усяго ж стажу ў гэтай прафесіі ў жанчыны тры дзясяткі год - да гэтага працавала даяркай у філіяле ´Варатынь´. Сямейныя абставіны (пераехала да дачкі) склаліся так, што яна памяняла месца жыхарства, а адпаведна і працы. Ад чаго калектыў іванаўскай фермы, як тут адзначаюць, толькі выйграў, бо Раіса Аляксандраўна - не толькі выдатны работнік, але і шчыры, адкрыты чалавек, заўжды гатовы падтрымаць і дапамагчы.

Нацэлены на паспяховую працу - МТФ ´Іванаўка´ ААТ ´Міхалёўская Ніва´.

Раіса Аляксандраўна Лук´яненка

За гады даярства гераіня артыкулу спазнала работу аператара машыннага даення на ферме з прывязным і бяспрывязным утрыманнем кароў. Параўноўваючы ўнёсак даяркі ў кожным выпадку, заўважае, што праца на малочным аб´екце з даільнай залай фізічна лягчэйшая. Праўда, і пазбаўлена ´цеплыні ўзаемаадносін´ з жывёлай, якія былі, калі кожная рагуля стаяла ў сваім стойле, мела мянушку і адгуквалася на яе. Цяпер праца даяркі - больш калектыўная. А з улікам таго, што людзі на ферме дружныя, настрой на работу ў Раісы Аляксандраўны заўжды, як кажа, выдатны. Не крыўдуе жанчына і на заробак, тым болей што грошы ёсць куды дзяваць.

- Чацвёра дзяцей, наймалодшы толькі набывае прафесію, багата на ўнукаў - на адны падарункі колькі трэба, не кажучы ўжо пра іншае. Але ж дзеці, унукі - гэта маё шчасце, таму з задавальненнем на іх трачуся, - з усмешкай і пяшчотай заўважае даярка.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by