За ўсё прыходзіцца плаціць... (не ў мэтах рэкламы).

За ўсё прыходзіцца плаціць... (не ў мэтах рэкламы)

..За пунктуальнасць і ўважлівае стаўленне, як аказалася, таксама. Пахадзіўшы апошнім часам па стаматолагах, у гэтым упэўнілася трывала. І добра, каб мае вывады аказаліся суб´ектыўнымі.

Калі табе за пяцьдзясят, стаўленне да зубоў адрознае ад таго, што, скажам, у 25 год. У маладосці, калі рэкамендавалі пазбавіцца ад зуба - не пытанне. Тым болей што меней марочна і не так балюча, як лячыць (майму пакаленню абязбольванне падчас гэтай працэдуры не было даступным). Ад гэтага з часам кожная зубная адзінка стала ўспрымацца на вагу золата. Таму, калі ў паліклініцы па месцы жыхарства чарговаму зубу вынеслі несуцяшальны вердыкт з вуснай рэкамендацыяй папярэдне наведаць, калі маюцца жаданне і грошы, камерцыйную лечустанову, - прапановай, не вагаючыся, скарысталася.

Уражанні ад абслугоўвання ў бабруйскім камерцыйным медцэнтры - выключна станоўчыя, каб не адно ´но´ (пра гэта ніжэй). Плюсы - пачынаючы ад зручнасці стаматалагічнага крэсла, куды патрапіла раўнюсенька а прызначаным часе (!), да фізічнага і маральнага адчування клопату пра сябе: у кабінет за паўтары гадзіны маніпуляцый (шанец майму зубу такі далі) ніхто са старонніх не наведваўся, нічога не прыносіў-не забіраў, ніякіх пытанняў з доктарам, адрываючы таго ад работы, не вырашаў.

Адным ´но´, як напэўна зразумелі, стала выстаўленая за паслугу сума. Яна аказалася не толькі ´кругленькай´, але і некалькі большай за папярэдне агучаную. Не наважыўшыся пацікавіцца дэталямі цэнаўтварэння (наўрад ці правільная пазіцыя), супакоіла сябе падросшым за гэтыя дні курсам даляра - лекаванне праходзіла ў два этапы з інтэрвалам у тыдзень - а значыць, і цаной на затрачаныя матэрыялы.

Праўда, даць рады наступнаму зубу (панарамны здымак на гэта выразна ўказаў) вырашыла ізноў па месцы жыхарства: з заробкам удвая ніжэйшым за сярэдні па краіне з прыватнымі медцэнтрамі не надта разгонішся. Тым болей што зуб аказаўся нават не двухканальным, як папярэдні (ад гэтага напрамую залежыць сума), а на ўсе тры каналы. Суцешыла сябе тым, што дактароў у рэшце рэшт навучаюць у адным і тым жа месцы, адны і тыя ж педагогі...

Дачакаўшыся чаргі (пазначаны ў талоне час - катэгорыя ў паліклініцы адносная) і зрабіўшы здымак, парадавалася, што зуб у мяне з адхіленнямі: замест трох каналаў два, а значыць, абыдзецца танней меркаванага. Праўда, на гэтым пазітыў скончыўся. Пасля пламбіроўкі першага канала аказалася, што якасна выканаць такое на другім ва ўмовах паліклінікі немагчыма (можна, але з парушэннем тэхналогіі і сумнеўным вынікам), а таму лепей зрабіць гэта... у прыватным медцэнтры. Не дадалі настрою і недзе зніклыя раптам здымак, які мне наважваліся аддаць, і медкартка, якая ´толькі што ляжала на стале´...

У камерцыйнай установе, куды, вядома ж, звярнулася, знайшлі не толькі магчымасці, але і... трэці канал. У колькі абыйшлося лячэнне з улікам двух паліклінік і трох каналаў - не сказала нікому: занадта непраўдападобна. Сябе ж супакоіла тым, што за ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць. Дык чаму б не за пунктуальнасць і ўважлівае стаўленне?..

Алена ВЕРАС.

иcтoчник: www.tribunapracy.by