Дзе добрае малако,там і добры заробак.

Дастойны заробак у прадстаўнікоў некіруючага складу, без звыклага прыгаворвання-выразу ´можна б было і болей´, выклікае, як мінімум, цікавасць. А калі гаворка ідзе пра сельскую мясцовасць ды прытым аграрную галіну, то і непадробнае здзіўленне. Так і напрошваецца сказаць - ´не можа быць!´. Аказваецца, можа. І не дзе-небудзь далёка, а ў нашым раёне. І кажуць у філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ пра гэтую здавалася б неардынарную з´яву звыкла, без антуражу і надзвычайнасці сітуацыі. Маўляў, і доім жа не 10 кілаграмаў на карову.

Супрацьставіць няма чаго. Ды і навошта? Можна толькі парадавацца за людзей, чыя цяжкая праца (акцэнт на гэтым робіцца колькі сябе і памятаю) нарэшце і годна аплачваецца. Прычым, выгада ад гэтага (даказана не сёння) - для наймальніка і нанятага ўзаемная: маючы магчымасць зарабіць, людзі выкладваюцца на ўсю моц.

- Мы сёлета, з улікам павялічанай працоўнай нагрузкі на работнікаў, пераглядзелі расцэнкі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, па максімуму ўвязалі іх з прадуктыўнасцю працы людзей, - кажа выконваючы абавязкі кіраўніка філіяла ´Варатынь´ Васіль Пятровіч Жук. - Людзі сталі зарабляць - і вынік пайшоў. З гэтым у тым ліку звязваем 2-е месца ў раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых раслін і значны прырост па малаку: за 10 месяцаў на карову надаілі 5 766 кг (найвышэйшы паказчык у раёне), што на 1 427 кг болей, чым за адпаведны перыяд папярэдняга года. Пабачыўшы, што ёсць магчымасць добра зарабіць і велічыня заробку канкрэтнага чалавека напрамую залежыць ад яго ж прадуктыўнасці працы, людзі сталі нашмат лепш працаваць, з большай выкладкай - гэта факт. Сёння наша гаспадарка прадае дзяржаве прыкладна 27 тон малака ў дзень, плюс 157% у параўнанні да папярэдняга года, а гэта немалыя дадатковыя грошы на развіццё.

Дзе добрае малако,там і добры заробак.

Фёдар Козыраў

Між тым, максімальнае выкарыстаннне чалавечага патэнцыялу - не адзінае, што ўплывае на павелічэнне аб´ёмаў вытворчасці ў малочнай галіне. Ёсць, па словах загадчыка МТФ №1 Фёдара Васільевіча Козырава, дзе ад каровы ў дзень бяруць ў сярэднім па 22 кг малака (ферма па надоях на 1-м месцы ў філіяле), і два іншыя неад´емныя складнікі - належная арганізацыя вытворчасці і добрая кармавая база. І з тым, і з другім на аб´екце, што ён узначальвае, усё, як кажа, у парадку.

- Сёлета і пашу ´падцягнулі´, травянога корму назапасілі добрай якасці, на працягу года забяспечаны канцэнтратамі пад поўную патрэбу. Самы строгі падыход да збалансаванасці рацыёнаў, якія распрацоўваем сумесна з кіраўніком Васілём Пятровічам, добрае стаўленне ветурача да абавязкаў, - пералічвае загадчык Козыраў умовы вялікага малака на ферме.

І калі нарыхтоўка корму - клопат найперш кіраўніцтва ды раслінаводаў гаспадаркі, то яго ´данясенне´ да жывёлы і ў цэлым арганізацыя працы на МТФ аг. Варатынь, падбор работнікаў - на Фёдары Васільевічы.

- Скажу па сваёй ферме, што выпадковых людзей мы не трымаем. Можа хто і крыўдуе на мяне за занадта жорсткую кадравую палітыку, але па-іншаму нельга. Вынік станоўчы таму і маем, што ні п´яніц, ні лайдакоў у калектыве не церпім. Атрымаць ад кароўкі ў дзень 22 літры малака - гэта, скажу я вам, няпростая справа: рагулю за гэта трэба і адпаведна накарміць, і прылашчыць, і якасна даглядзець. Тыя, хто сёння працуе ў нас, - падыходзяць да абавязкаў адказна і сумленна. Апошняе стымулюе і магчымасць павялічыць заробак: лепш пастараўся - болей прынёс дамоў грошай. Таму людзі стараюцца і маюць, паверце мне, дастойную зарплату.

Вынікі ў жывёлагадоўлі - гэта работа не аднаго дня і не аднаго чалавека. Гэта штодзённая калектыўная праца людзей розных прафесій - ад вартаўніка фермы да кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Што датычыцца непасрэдна філіяла ´Варатынь´ - то гэта яшчэ, як тут кажуць, і вялікая падтрымка галаўнога прадпрыемства. Прамыслоўцы аказваюць усебаковую дапамогу сяльчанам. Асабіста дырэктар ААТ ´БЗТДіА´ Уладзімір Віктаравіч Кісель, намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Марына Мікалаеўна Аўрамчык праяўляюць непадробны інтарэс да спраў у сельскагаспадарчым філіяле, не пакідаюць без увагі праблемныя пытанні, што, безумоўна, дадае калектыву ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а адначасова і жадання - дасягаць яшчэ лепшых вынікаў.

Алена Віктараўна Усцінава

Сярод работнікаў МТФ аг. Варатынь, хто аддае справе ўсю сябе, - аператар машыннага даення Алена Віктараўна Усцінава. Па выніках кастрычніка яе паказчык удою на карову прызнаны найвышэйшым па ферме.

... Пражыўшы нямала ў Бабруйску, дзе нарадзілася і вырасла, стварыла сям´ю і не адзін год адпрацавала на ´Славянцы´, Алена Віктараўна вось ужо пяцігодку лічыць сябе вясковай жыхаркай. У горадзе засталіся бацькі і сыны. У аграгарадку - свой дом, немалая гаспадарка, магчымасць ´пакапацца ў зямлі´. Амаль адразу знайшлася работа даяркі ў мясцовай гаспадарцы. Муж Уладзімір працуе жывёлаводам. Пераменамі ў жыцці Алена Усцінава задаволена. І хоць работа аператара на ферме з прывязным утрыманнем жывёлы, па словах жанчыны, нялёгкая: каб зарабіць годны заробак, трэба гэтак жа і працаваць, але затое як прыемна адчуваць, што выкладаешся не задарма, што можаш сабе многае дазволіць і дзецям нешта прапанаваць.

Дзе добрае малако,там і добры заробак. Дзе добрае малако,там і добры заробак.

Алена Усцінава

Рагуль на доглядзе маёй субяседніцы болей за паўсотні. Заступіўшы ´на службу´ а 7 гадзіне, яна першай справай уважліва аглядае жывёлу, правярае наяўнасць корму, вады. Пасля дастаўкі даглядчыкамі канцэнтратаў - бярэцца за іх раздачу. Непасрэдна дойка пачынаецца на МТФ а 8 гадзіне і доўжыцца да 11-ці. Пасля гэтага кароў выпускаюць на 2-гадзінную прагулку. Даярка ж, пасля невялікага перакусу, бярэцца за навядзенне парадку на працоўным месцы. Пасля завяршэння прагулачнага часу жывёлу прывязвае і толькі тады (прыкладна а 14 гадзіне) ідзе дадому, каб у 18.00 ізноўку прыступіць да абавязкаў.

Дома, як з усмешкай заўважае Алена Віктараўна, таксама не да адпачынку: трэба згатаваць вячэру, чакаюць увагі парсючкі, куры ды іншая жыўнасць. Але ж такі рытм жыцця нядаўнюю гараджанку не засмучае, хутчэй наадварот - трымае ў фізічным тонусе. Галоўнае, як яна кажа, каб быў спакой на зямлі і ўсе здаровымі.

Аляксандр Аляксандравіч Ерамееў

Дзе добрае малако,там і добры заробак.

Аляксандр Ерамееў

Высокую ацэнку даюць на МТФ аг. Варатынь рабоце жывёлавода Аляксандра Аляксандравіча Ерамеева.

- На ферме меней году, але і гэтага часу хапіла, каб зразумець - прыйшоў сапраўдны гаспадар, - характарызуе 30-гадовага маладога чалавека загадчык Фёдар Козыраў.

Фронт абавязкаў у Аляксандра надзвычай адказны - вырошчванне маладняку. Ад таго, якім будзе догляд цялят, асабліва ў першыя дні пасля нараджэння, залежыць прадуктыўнасць жывёлы, прыбыткі гаспадаркі.

- За дзень мая група прыбывае ад двух да шасці цялятак. Пачынаю іх карміць з малозіва - яго бяру ў даяркі. Тое, што засталося, правяраю на якасць і замарожваю, каб у выпадку, калі карова ацеліцца без мяне, вартаўнік мог размарозіць і абавязкова на працягу двух гадзін выпаіць нованароджанаму цяляці, - упэўнена, з веданнем справы расказвае жывёлавод.

На пачатку маленькая жывёла змяшчаеццца ў індывідуальных доміках на двары фермы. Пасля таго як ´здымуць з малака´, - пераводзяць на сухі корм у прафілакторый.

- З маленькімі нашмат болей турбот, - працягвае субяседнік. - Асабліва пільны догляд патрабуецца ў першыя 15 дзён. Тое ж малако, каб пазбавіць мікробаў, на працягу 40 хвілін стэрэлізую - устаноўка для гэтага маецца - і толькі пасля выпойваю.

Дзе добрае малако,там і добры заробак. Дзе добрае малако,там і добры заробак.

Каб своечасова ўправіцца з рознаўзроставай групай у 100-150 галоў, прапанаваць кожнай свой рацыён, на ферме малады чалавек ужо ў 5 раніцы. (Жывучы ў Кавалях, на працу прыязджае на ўласным аўто, паліва - за кошт гаспадаркі). Пасля выпайкі і кармлення бярэцца за іншае неабходнае - падаслаць жывёле, набраць вады, прасачыць за кармушкамі, калі патрабуецца, аказаць садзеянне доктару... Заканчвае ранішні догляд прыкладна а 12 гадзіне. Вячэрні - з 17-ці

да 22-х.

Не салодка? Так. Але і заробак (залежыць ад прывагаў і захаванасці маладняку), значна пераўзыходзіць сярэдні па краіне. Для сям´і з двумя маленькімі дзецьмі - фінансавы бок асабліва важны.

- Заробная плата дастойная, - упэўнена кажа Аляксандр, - ды і сама па сабе работа ў жывёлагадоўлі мне падабаецца.

Зрэшты, і Аляксандр, і яго жонка выраслі ў Бабруйску. У Кавалі маладая сям´я пераехала пасля праблем з гарадскім інтэрнатам. Цяпер іх жыллё - арэндны катэдж з усімі дабротамі, газавым забеспячэннем. Жонка жывёлавода працягвае працаваць у горадзе (гэтым часам у дэкрэтным адпачынку). У сельскай мясцовасці Ерамеевы абжыліся гаспадаркай, таму заўжды на стале і мяса, і гародніна са свайго падворку.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by