
Так коратка, але ёмка кіраўнік філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ Міхаіл Стрыжэўскі ахарактарызаваў падначаленага, галоўнага інжынера Антона Рэдкага. Па выніках сёлетняга раённага жніва ў намінацыі ´Сярод галоўных інжынераў сельгасарганізацый´ спецыяліст заняў пачэснае 2-е месца. Як аказалася, перамога не першая. У тройку лідараў інжынер Рэдкі ўвайшоў у мінулым годзе і годам да таго, што кажа пра сістэмнасць яго падыходу да работы.
Акалічнасць, што паслужны стаж Антона ў разы пераўзыйшоў той, што адводзіцца на званне ´малады спецыяліст´ (у галіне АПК сем год), дае падставу для таго, каб меркаванні-развагі маладога галоўнага інжынера былі пачутымі.
- Антон, чаму выбралі сельскагаспадарчую прафесію?
- Я вырас у сельскай мясцовасці, бацька працаваў галоўным эканамістам у калгасе. Заробак у родных быў не такім, каб задаволіць усе мае інтарэсы - хацелася і відэамагнітафон, і гульнёвую прыстаўку, і шэраг іншага, чаго да гэтага не было. Таму ўжо з 7-га класа летнія канікулы праводзіў на зернетоку - дзе з шуфлем, дзе з венікам. Сельгасвытворчасць здавалася зразумелай, таму пасля школы, як і бацька, паступіў у Горацкую акадэмію. У гады студэнцтва таксама падпрацоўваў - быў памочнікам камбайнера, дапамагаў і адначасова вучыўся ў механізатараў рамантаваць тэхніку...
- У ´Харчавік-Агра´ трапілі па размеркаванні?
- Не. На працу быў накіраваны ў гаспадарку Калінкавіцкага раёна. Але заканчэнне абавязковай адпрацоўкі супала з жаніцьбай, і мы прынялі рашэнне пасяліцца ў Бабруйску, дзе жонка першай знайшла работу. Там ёй прапанавалі інтэрнат, а жыллёвае пытанне для нас было важным. Мае пошукі работы ў горадзе некалькі зацягнуліся, таму, калі прапанавалі ў ´Харчавік-Агра´, доўга не думаючы паехаў. Працую 5 год, з іх 3 - у якасці галоўнага інжынера.
- Штодзённая язда з горада ў вёску і назад не вымотвае?
- Дабіраюся на ўласным аўто, таму не. Спрабаваў, эканомячы сродкі, на дызелі, але нязручна: калі, здараецца, трэба раней прыехаць, калі затрымацца.
- На рабоце ўласным аўто таксама карыстаецеся?
- Не. У мяне, як і кожнага з галоўных спецыялістаў гаспадаркі, працоўны аўтамабіль, што дадае зручнасці рабоце.
- Што значыць - быць галоўным інжынерам у АПК?
- Гэта значыць арганізоўваць і кантраляваць ход падрыхтоўкі тэхнікі да сельгасработ, вырашаць пытанні дастаўкі дэталяў і рамонту (калі абмежаваны ў тэрмінах, а зачастую і ў фінансах), а таксама падрыхтоўкі і рамонту абсталявання жывёлагадоўчага комплексу і шэраг іншага.
- Нялёгкая работа?
- Цяжкая.
- Што асабліва складана?
- Адсутнасць выходных - ад гэтага многія маладыя сыходзяць.
- Чаму такое здараецца?
- У сельскай гаспадарцы па-іншаму нельга.
- Сапраўды нельга? Ці можа ўсё прасцей - да такога раскладу прызвычаіліся за дзесяцігоддзі і ніхто не бярэцца яго змяніць?
- Ну хіба спыніш тую ж уборку хлябоў? А жывёлагадоўля... Яна ж функцыянуе без выходных - раптам праблемы з абсталяваннем? Абавязкова трэба, каб быў чалавек, які здолее з праблемай справіцца.
- І гэты чалавек на працягу ўсіх выходных - вы?!
- Не. Мы гэтае пытанне адрэгулявалі - працуем у траіх (яшчэ інжынер-энергетык і загадчык майстэрняй) па чарзе, так што адзін-два працоўных выходных дні ў месяц - не трагедыя.
- Праца па суботах і нядзелях аплачваецца згодна з Працоўным кодэксам?
- Так.
- Антон, у вас ёсць адчуванне, што займаецеся сваёй справай, ці бываюць сумненні?
- Гэта маё. Падабаецца і сама работа, і стасункі з людзьмі - многія механізатары мае равеснікі. Непараўнальнае адчуванне, калі ўдаецца вырашыць праблему - скажам, сапсаваўся камбайн у полі і нельга дапусціць працяглага прастою - гэта як прайсці квэст.
- У калектыве знаходзіце паразуменне?
- Калектыў у нас выдатны. І вопытныя працаўнікі, і моладзь - адна каманда.
- Зарабляеце за працу добра?
- Нядрэнна.
- Заробак важная для вас умова, каб заставацца ў гаспадарцы?
- Дастаткова важная, але не галоўная.
- А што галоўнае?
- Адносіны кіраўніцтва да работнікаў. Ведаю прыклады, дзе праблема галоўнага спецыяліста гэта толькі праблема галоўнага спецыяліста - кіраўнік тэрмінова хоча бачыць вынік, і яго не хвалюе, як ён будзе дасягнуты.
- Вашага кіраўніка хвалюе?
- Майго хвалюе. І няхай я па максімуму імкнуся дамагацца ўсяго сам - на выручку прыходзяць і вопыт, і інтэрнэт, і стасункі з калегамі - адчуванне, што пры неабходнасці цябе ўважліва выслухаюць, параяць, пасадзейнічаюць, не дае выбіцца з унутранай раўнавагі, а гэта важна.
- Якіх зменаў хацелі б на працы?
- Новай тэхнікі. Тая, што маецца, выключна ўся па тэрмінах адпрацаваная.
- Жывеце ў інтэрнаце, а калі б, скажам, прапанавалі добраўпарадкаваны дом у Цялушы - пагадзіліся б на пераезд у сельскую мясцовасць?
- Хутчэй не. У горадзе ў жонкі работа, якая ёй падабаецца, болей магчымасцяў для развіцця сына, кола сяброў, каб разам адпачыць, ды і стаім на чарзе на будаўніцтва жылля. Так што прасцей за ўсё - мне ездзіць у Цялушу.
- За перамогу ў раённым спаборніцтве атрымалі прэмію - як абышліся з немалой сумай?
- Яшчэ некранутая (усміхаецца). Але падумваем набыць што-небудзь для сям´і.
- Дзякуй, Антон Мікалаевіч, за размову. Жадаем, каб у вашым жыцці было шмат працоўных перамог і каб назаўжды захавалі настрой на абраную справу.
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by