Лёгкага шляху, роўных дарог!

Цяпер ужо не знойдзеш арганізацыі, дзе б не было вадзіцеля. У раёне прафесія асабліва распаўсюджана сярод работнікаў сельскай гаспадаркі. І герой нашага аповеду таксама прадстаўнік гэтай стратэгічнай для краіны галіны. Болей таго - адзін з найлепшых прадстаўнікоў: па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на жніве Мікалай Антонавіч Хурсан з СВК ´Гігант´ - размова пойдзе менавіта пра яго - удастоены пачэснага 2-га месца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў сельгасарганізацый.

Прафесійным стартам для Мікалая Хурсана сталі курсы ДТСААФ, якія засвоіў ´на выдатна´ яшчэ да службы ў арміі. Вадзіцельстваваў, аддаючы абавязак Айчыне, з багажом навыкаў па прафесіі прыйшоў пасля войска ў родную гаспадарку. Працаваў спачатку на газелі, пасля на ГАЗ-53, і вось ужо 7 год - на МАЗе.

Гэтую машыну засвоіў, як кажа, дзякуючы дапамозе вопытных вадзіцеляў гаспадаркі Уладзіміру Мікалаевічу Шэпялевічу і Уладзіміру Іосіфавічу Дайнеку. У іх і цяпер, калі што здараецца, не саромеецца папытаць прафесійнай парады ці падказкі, а яны ніколі не адмовяць.

- У дарозе рознае здараецца, - заўважае Мікалай Антонавіч. - Часцей паломку сам выправіш, але бывае - трэба кансультацыя. У гэтым плане незаменныя мабільны тэлефон і сябры-калегі.

Адказнасць - адна з асноўных рыс характару вадзіцеля Хурсана.

- На працу звычайна прыходжу загадзя, хвілін 15-20 на восьмую. Перад рэйсам правяду неабходнае абслугоўванне тэхнікі, праверу, каб усё было спраўным: светлавыя прыборы, тармазы, іншае. Уважлівасць і пільнасць у нашай прафесіі абавязковыя: дарога спешкі, у любых яе праявах, не церпіць, - разважае субяседнік. - Перш чым прадпрыняць той ці іншы манеўр, трэба узважыць - паспееш ці не, апраўдана або дарма. І галоўнае - трымацца рэнтабельнай хуткасці, не перабольшваць.

Сам ён, як кажа, гэтых пастулатаў прытрымліваецца, а таму ніколі за гады працы не трапляў у поле зроку ахоўнікаў дарожнага руху.

Лёгкага шляху, роўных дарог!

Катэгарычны Мікалай Антонавіч і ў пытанні пра музыку ў час язды (вадзіцельская праца ў многіх асацыюецца з гучнай песняй). Хоць сам ён, як кажа, і аматар добрай музыкі і жарту, у час работ, якія патрабуюць павышанай увагі, апошняе не дапускае.

- МАЗ і сам па сабе мае ўнушальную вагу, а гружоны - тым болей, - кажа вадзіцель, - тут трэба рэагаваць на кожны гук. Так што не да музыкі - слухаю машыну.

Вадзіцель на працы, а дома герой аповеду - клапатлівы галава сямейства. З павагай гаворыць пра жонку (Наталля Міхайлаўна загадвае ў СВК свіна-таварнай фермай), з гонарам - пра сына і дачку. Адчуваючы надзейны тыл, вадзіцель Хурсан з задавальненнем штораніцы ідзе на працу. Годна, не адзін дзясятак год садзейнічае развіццю гаспадаркі, якой сумленна служылі (былі жывёлаводамі) і яго бацькі.

Віншуючы раённых вадзіцеляў з надыходзячым прафесійным святам, перадавік сёлетняга жніва жадае калегам здароўя, сямейнага дабрабыту і, вядома ж, лёгкага шляху, роўных дарог.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by