З дзецьмі трэба размаўляць.

Напярэдадні Дня маці сакрэтамі выхавання дзяцей з ´раёнкай´ падзялілася Ірына Гутырчык - галоўны ветэрынарны ўрач, начальнік Бабруйскай раённай ветстанцыі, маці пяцёра дзяцей, якой указам Прэзідэнта ўручаны ордэн Маці.

У тым, што з дзецьмі трэба размаўляць, браць у разлік іх меркаванне, Ірына Віктараўна Гутырчык - галоўны ветэрынарны ўрач, начальнік Бабруйскай раённай ветстанцыі і маці пяцёра дзяцей, упэўнілася яшчэ тады, калі сама была падлеткам. У бацькоўскай сям´і, як і ў многіх іншых у той час, даверліва-сяброўскі тон у размове з дзецьмі не быў прыняты. Таму, калі з´явіліся ўласныя дзеці, стратэгію выхавання Ірына, як сама кажа, памяняла. Нягледзячы на бясконцыя хатнія справы і прафесійную занятасць, абавязкова знаходзіць час прылашчыць кожнага, пацікавіцца справамі, выслухаць, параіць і параіцца...

- Дзеці дзеляцца сваімі клопатамі, турботамі, і мне гэта прыемна. Нешта падкажу ім, нешта параю, над нечым разам пасмяемся, сумесна абмяркуем, як зрабіць лепей. Магу і пажурыць - без гэтага, як і ў любой сям´і, не абыходзіцца. Але ж абавязкова канкрэтызую, што выклікала незадаволенасць, чаму той ці іншы ўчынак не можа быць ухвалены, - кажа Ірына Віктараўна.

І для гэтага, па яе словах, зусім не трэба ставіць дзіця перад сабой, чытаць яму натацыі - апошняе, хутчэй, адштурхне маленькага чалавечка, прымусіць зачыніцца ў сабе. Але ж і пакідаць без увагі праступак нельга. Асабіста яна імкнецца зрабіць заўвагу праз добры прыклад і ўласныя паводзіны: дзеці ў многім калькуюць бацькоў.

Старэйшай Аліне 19 год, яна - студэнтка Гомельскага медуніверсітэта. У Гомелі, на другім курсе каледжа чыгуначнікаў, навучаецца 16-гадовы Арсеній. Двайняты Анжаліка і Андрэй, якім па 14 - 8-класнікі бабруйскай школы №11. У 4-м класе той жа ўстановы вучыцца наймалодшая Аліса.

Як і кожная любячая матуля, Ірына Гутырчык гатова падоўгу расказваць пра дзяцей, іх характары, захапленні і дасягненні. Да прыкладу, двайняты ў вольны ад вучобы час займаюцца грэбляй на каноэ. Андрэй у свае 14 год - кандыдат у майстры спорту, са спартыўнай галіной збіраецца звязаць жыццё ў далейшым. Анжаліка, нягледзячы на аматарскі падыход да спорту, - заваявала 2-е месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. А вось дзесяцігадовая Аліса - натура творчая. Вельмі любіць маляваць. Таксама асвоіла швейную машыну і з задавальненнем бавіць час за шыццём адзежы для гадаванцаў-коцікаў... А яшчэ дзеці Гутырчыкаў, як і самі бацькі, - прывучаны да працы і парадку.

- Сярод іх строгае раздзяленне абавязкаў, - кажа Ірына. - Сама я на рабоце магу затрымацца, здараецца, працую і ў выхадны дзень. Таму дзеці ведаюць, што ўборка, мыццё посуду, а бывае і гатоўка (што-небудзь не складанае) - на іх. Да таго ж, жывучы ў сваім доме, маючы хоць невялікі, у 9 сотак зямельны ўчастак, трымаем гаспадарку - разводзім паўлінаў, фазанаў (Ірыніна мара), іншую птушку - здараецца, і іх трэба пакарміць.

А тры месяцы таму сям´я ажыццявіла яшчэ адну мару - набыла дачу, каб вальней адчувалася і птушкам, і сабе. У планах дзейснай па натуры гаспадыні сямейства - разбіць там сад, развесці рэдкія дрэвы і кустарнікі, чаго не дазваляла абмежаванасць гарадскога ўчастка.

- Затое я ўпэўнена, што мае дзеці шмат умеюць, - кажа жанчына. - І самастойнае жыццё, якое чакае наперадзе, не стане для іх выпрабаваннем.

У размове са шматдзетнай маці закранулі і матэрыяльны бок жыцця сям´і.

- Старэйшыя дзеці, хоць і вучацца на бюджэтнай аснове, абыходзяцца ў капейку дый малодшыя падрастаюць - грошай, вядома ж, трэба шмат. Але ж матэрыяльны бок - не тое, чаго трэба баяцца, заводзячы дзяцей, - упэўнена мая субяседніца. - Галоўнае, не баяцца працы. Сама я ніколі яе не цуралася, і муж не лянуецца - хутка чатыры гады як працуе дальнабойшчыкам. Зноў жа - дзяржаўная падтрымка для шматдзетных сямей немалая. Дзякуючы ёй, у нас вырашана жыллёвае пытанне. Да трохгадовага ўзросту на малодшую атрымлівалі бясплатнае харчаванне...

Але ж галоўнае, па словах субяседніцы, разлічваць на сябе. І памятаць, што дзеці - гэта найбольшы цуд на зямлі. Шкадаваць затрачаных на іх сіл і грошай - апошняя справа. Шчасце, якім адорваюць дзеці жанчыну-маці, - непараўнальнае па сіле ўздзеяння ні з чым іншым. І чым болей дзяцей, тым болей шчасця.

А днямі працавітую і дружную сям´ю напаткала вялікая радасць -

Прэзідэнтскім указам іх пяшчотнай і клапатлівай матулі, Ірыне Віктараўне Гутырчык, як і 239-ці іншым годным беларускам, за нараджэнне і выхаванне пяці і болей дзяцей будзе ўручаны ордэн Маці.

Алена КАРПЕНКА. Фота Генадзя БАГДОНАСА.

На фота: Ірына Гутырчык з дзецьмі Анжалікай, Андрэем і Алісай.

иcтoчник: www.tribunapracy.by