Тажылавічы і яе жыхары.

З гісторыі

Назва вёскі паходзіць, як мяркуецца, ад асновы слова ´тажы´ - заліўныя лугі, сырыя пожаці, пакосы. Паводле пісьмовых крыніц, населены пункт - адзін з найстарэйшых у раёне, згадваецца яшчэ ў 1560 годзе як сяло Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Вялікага княства Літоўскага. На 1639 год тут налічвалася 15 двароў, 47 жыхароў мужчынскага полу. З 1793 года сяло ў складзе Расіі, з 1795 - у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. На 1838 год - уласнасць памешчыкаў Кабыліных. На пачатку 20-га стагоддзя гэта вёска Туркоўскай воласці Бабруйскага павета з 62 дварамі і паўтысячай жыхароў, працаваў млын, дзейнічала земскае вучылішча. Паводле перапісу 1926 года тут было 109 двароў, 569 жыхароў. На базе земскага вучылішча пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі створана працоўная школа 1-й ступені, дзе ў 1925 годзе навучаўся 91 чалавек. У 1930 годзе арганізаваны калгас. На пачатку 1997 года ў вёсцы налічвалася 82 двары, 180 жыхароў, дзейнічалі ферма буйной рагатай жывёлы, васьмігадовая школа, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Сучаснасць

Сёння ў Тажылавічах, па звестках Кавалёўскага сельсавета, 39 двароў, 83 жыхары, з якіх 34 пенсіянеры. Сярод насельнікаў 27 мужчын працаздольнага ўзросту, чацвёра дзяцей. Дзеючых аб´ектаў сацыяльнай і вытворчай сфер у вёсцы не захавалася. Засталася будыніна колішняй базавай школы, чые дзверы зачыніліся для вучняў у апошні год мінулага тысячагоддзя. Пазней там месціўся клуб, але і да яго дарога даўно зарасла.

Вуліцы ў Тажылавічах заасфальтаваныя (заслуга колішняга старшыні калгаса ´Сцяг камуны´ Марыі Усцінаўны Каранкевіч), нямала дамоў, дзе адчуваецца гаспадарская рука - пафарбаваныя, з сучаснымі вокнамі і агароджай, абкошанай калядваровай тэрыторыяй, разбітымі ў дварах і на вуліцы кветнікамі. Адзін з іх - Васіля і Галіны Мельнічонкаў па завулку Школьнаму.

Тажылавічы і яе жыхары.

Васіль Савельевіч Мельнічонак

- Хату, як пажаніліся, з наўя збудавалі, - дзеліцца Васіль Савельевіч, які ніколькі не выглядае на свае 80 з гакам. - Блізкіх родзічаў, каб дапамагчы, асабліва не было, але ж самі стараліся. Ды і жаданне да ўсяго было вялікае - будавацца, дзяцей падымаць, вучыць... Дзеля гэтага, апроч механізатарскай работы ў калгасе, гаспадарку трымалі вялікую - кароў не па адной, свіней 6-7, птушку розную. Зямлі шмат апрацоўвалі, для чаго пазней і трактар набылі. Зямля тая і цяпер ёсць - бяры, колькі хочаш, дык здароўя няма. Восем бароздак бульбы, што дзеці пасадзілі (яны ж дапамаглі выкапаць), нам дастаткова...

Прычыну таго, чаму з некалі трывалай вёскі Тажылавічы сталі ад´язджаць людзі, колішні механізатар бачыць у тым ліку ў скасаванні калгаснай вытворчасці на тэрыторыі населенага пункта.

- Раней жа ў нас паўнавартасны калгас быў, шмат сельгастэхнікі, ферма - а гэта ўсё работа для людзей. З часам гаспадарку далучылі да калгаса імя А. Неўскага, тэхніку - туды ж, ферму закрылі, а на мехдвор Кавалёў тутэйшаму механізатару не наездзішся... - разважае мой субяседнік.

Хоць адток люду, па словах Васіля Мельнічонка, пачаўся яшчэ раней, у 70-я, калі моладзь стала масава ехаць у горад вучыцца і ў вёску не вярталася.

На двары і вакол домаўладання Мельнічонкаў выключны парадак, а зараснік праз дарогу, што закрыў далягляд, Васіля Савельевіча засмучае. Прырода такой сітуацыі, па яго словах, вядомая - на ўсе Тажылавічы цяпер усяго дзве каровы, і тыя ў аднаго гаспадара. Раней жа налічвалася па 60 у кожным з двух статкаў. Трава тады не паспявала адрастаць: альбо паядалася, альбо скошвалі.

Ля акуратнай невялічкай хаты па вуліцы Піянерскай сустрэлі Тамару Васільеўну Песню. Разгаварыліся.

Тажылавічы і яе жыхары.

Тамара Васільеўна Песня

- У Тажылавічы з Бабруйску пераехала дзесяць год таму, а, здаецца, пражыла ўсё жыццё, - з ахвотай дзеліцца бойкая на выгляд пенсіянерка. - З людзьмі адразу сышлася, месца, сельскі лад прыйшліся па душы, бо сама вясковая, з бліжняй Расіі. Сумна толькі, што людзей стала мала, суседзяў няма, каб словам перамовіцца...

А вось паслугамі гандлю, нягледзячы на адсутнасць стацыянарнай кропкі, жыхары Тажылавічаў задаволены. Апошняе засведчылі і былая настаўніца мясцовай школы, а цяпер пенсіянерка Валянціна Пятроўна Семчанка (Мацвеенка), і Раіса Уладзіміраўна Мельнічонак (прозвішча ў вёсцы распаўсюджанае). Спыніцца ля чыйго падворка ´прымусілі´ ну ўжо надта сімпатычныя нясушкі.

Раіса Уладзіміраўна Мельнічонак

- Толькі грошы давай, - смяецца Раіса Уладзіміраўна. Яе дагледжаны дом (у свой час вылучаны калгасам мужу-працаўніку) месціцца якраз насупраць схаванай за расліннасцю школьнай будыніны, якая пазней выкарыстоўвалася і пад клуб.

- Аўталаўкі бываюць амаль штодзень, - кажа субяседніца, - і райпоўская, і прыватныя, пяць ці шэсць ездзіць. Тавар прывозяць на любы густ. Пачуем сігнал - калі што трэба, выходзім. Так што пенсію дастаўляюць, прадукты - дастаўляюць, тэлевізар, інтэрнэт, тэлефоны і такі, і такі (хатні і мабільны) маем - што яшчэ пенсіянерам трэба?!

Усе чацвёра дзяцей жанчыны жывуць у горадзе, у вёску наведваюцца амаль штовыхадныя, прывозяць унукаў, дапамагаюць па гаспадарцы, адзін з сыноў набыў тут дачу.

Валянціна Пятроўна, чыя хата непадалёк, таксама пагаджаецца, што пенсіянерам жыць у Тажылавічах нядрэнна: і прадукты, і пенсія дастаўляюцца рэгулярна і своечасова. Разважаючы пра вёску маладосці, былая настаўніца кажа, што ´жылі мы тут і ні ў чым не мелі патрэбы´: быў калгас, дзейнічалі школа, магазін, камбінат бытпаслуг, побач у Ламбаўскім ФАПе (установа дзейнічае і цяпер) - нават кабінет зубнога ўрача.

Засталі ў Тажылавічах і звыклую для беларускай вёскі карціну - бабулек на лаўцы. Праўда, суседкі Вера Мікалаеўна Аўрамчык і Ніна Іванаўна Пазняк адпачываюць кожная ля сваёй хаты. На адну лаўку, каб было весялей, не сыходзяцца - гады і здароўе прымушаюць эканоміць крокі. У размову жанчыны ўступаюць з характэрнай для сяльчан лёгкасцю і шчырасцю.

- Сумна адной ў хаце, ніхто дзверы не адчыніць, - павольна, расцягваючы кожнае слова, кажа Вера Мікалаеўна, чый узрост ´восемдзясят пяць ці то восемдзясят сем ужо´. - У выхадныя дык сын прыязджае з горада, і булак, і хлеба, усяго напрывозіць. Пенсія ў мяне неблагая - ´чатыры (чатырыста) з хвастом´, зарабіла, працуючы і ў калгасе, і на торфавытворчасці.

Тажылавічы і яе жыхары.

Вера Мікалаеўна Аўрамчык

´І ногі, і ўсё ўжо, мамачка, баліць,´ - адказвае Ніна Іванаўна Пазняк на запытанне, як яна сябе пачувае. Родам жанчына з Плёсаў, у Тажылавічах, як з усмешкай заўважае, ´зрабіла перасадку´ - замуж выйшла.

- Працавала ў свой час і на ферме, і ў брыгадзе... 20 год было - і чаго ты пайшла на тую ферму? - эмацыйна задаецца пытаннем субяседніца. І тут жа адказвае, што трэба ж было недзе працаваць, бо бацькі ў сям´і не было, а дзяцей разам з ёю чацвёра. І хоць замуж Ніна Іванаўна выйшла, як кажа, пазнавата - у 30 год (мужа 24 гады як не стала), дзяцей нажыць паспела. Абое яны ў Цялушы, таму часта наведваюцца, дапамагаюць. ´Адразу, як пайшла на пенсію, шмат усяго трымала, а цяпер нічога, тры баразны бульбы і тыя стаяць някопаныя. Дзецям сказала - прыбярыце спачатку сваю, а тады ўжо і мне дапаможаце´. Колішнія Тажылавічы, са слоў жанчыны, былі багатыя на людзей - 120 хат было. ´І насупраць маёй дзве стаяла, і там, і ў гэтай жылі´, - ківае кійком субяседніца.

Тажылавічы і яе жыхары.

Ніна Іванаўна Пазняк

Нямала тажылавіцкіх хат, як паведамілі ў сельсавеце, цяпер выкарыстоўваецца пад летнікі. У асноўным аднаўляюць бацькоўскія дамы гараджане-нашчадкі, некаторыя з разлікам на пастаяннае месца жыхарства. Ад гэтага вёска толькі выйграе: напаўняецца на цёплы перыяд году людам, а панурыя некалі домікі ператвараюцца ў дагледжаныя, ´жыццясцвярджальныя астраўкі´.

Тажылавічы і яе жыхары. Тажылавічы і яе жыхары.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

(за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу выказваем падзяку К.В. Мельнічонак, бухгалтару па закупках Кавалёўскага сельсавета).

иcтoчник: www.tribunapracy.by