Падзяка за працу.

Нагодай сустрэцца з Валянцінам Міхайлавічам Дубінчыкам - колішнім перадавым механізатарам колішняга саўгаса імя Леніна (цяпер ААТ ´Саўгас Кісялевічы´) стаў 80-гадовы юбілей, які герой аповеду адзначыў у першы дзень кастрычніка. Праўда, наведаць яго мы паехалі не ў Баяры, дзе стаіць уласнаручна пабудаваны механізатарам дом, а ў вёску Васток, што паблізу аг. Цялуша. Пайшоў другі год, як Валянцін Міхайлавіч жыве там са старэйшым сынам Андрэем і нявесткай Наталляй, любуецца ўлоннем прыроды, атрымлівае асалоду ад цішыні і спакою. Месца новага жыхарства ветэрана працы заварожвае -дагледжаны домік стаіць як быццам бы пасярод лясной паляны.

Падзяка за працу.

Яго ж дом у Баярах, па словах субяседніка, прасторны, на 12 метраў у даўжыню. Спачатку пабудавалі шэсць на шэсць, пасля з гаспадыняй вырашылі - трэба пашырыць: сыны пажэняцца, пойдуць унукі, каб было ўсім месца. Цяпер для яго аднаго (жонка 6 год як памерла, у хуткім часе пасля заўчаснай смерці сярэдняга сына) дом занадта вялікі. Дый нявестцы было не наездзіцца. Амаль штотыдня яго наведвала, сумкі туды-сюды вазіла. Таму, калі дзеці прапанавалі пераехаць да іх, Валянцін Міхайлавіч не адмовіўся.

- Не ў Вішнёўку (дом-інтэрнат) усё ж. Туды я згаджуся паехаць хіба што загадчыкам (смяецца). А тут выгода - харчу, якога хочаш, не паспяваю прагаладацца, адзежу, усё што трэба купляюць, хачу - на лавачцы ў двары пасяджу, хачу - прайдуся ў адзін бок, у другі, пагаманіць ёсць з кім, унукі з праўнукамі прыязджаюць, - прыводзіць пажылы чалавек ´жалезныя´, выкаваныя прыроджанай і жыццёвай мудрасцю довады.

Працоўнага стажу ў Валянціна Міхайлавіча 42 гады, і ўсе - у саўгасе імя Леніна. З роднай гаспадаркі пайшоў і на заслужаны адпачынак, там на працягу некаторага часу быў трактарыстам і пасля атрымання пенсіі. Пачалася ж калгасная дарога майго субяседніка з механізатарскіх курсаў у Бабруйску.

- Школа механізатараў на вул. Савецкай выдатная была, - згадвае ён. - Паступіў туды ў 1958 годзе. Усяго нас 1200 чалавек на механізатараў вучылася. Давалі абмундзіраванне, кармілі. Пяць груп, і маю ў тым ліку, рыхтавалі для адпраўкі на цаліну, у Казахстан, куды не ішла (не была пракладзена) нават чыгунка... Намучыліся там хлопцы страшнае дзела... Прабылі, хто колькі вытрымаў - два, тры, чатыры гады. Усе дамоў павярталіся, ніхто не застаўся.

Валянціну Міхайлавічу і яшчэ чацвёра землякам, як ён кажа, пашчасціла: старшыня саўгаса Сакун папрасіў, каб мясцовых хлопцаў пакінулі для работы ў гаспадарцы, дзе патрабаваліся такія кадры.

У 1960 годзе малады трактарыст ажаніўся, вырашылі з жонкай пабудавацца ў Баярах. Герой аповеду з задавальненнем згадвае часы работы ў гаспадарцы.

- Саўгас быў прыбытковым, - кажа субяседнік. - Акрамя жывёлагадоўлі і раслінаводства, займаліся агародніцтвам. Функцыяваў крухмальны завод, куды звозілася бульба з пяці суседніх раёнаў і адкуль прадукцыю вагонамі везлі на Маскву. Працавалі на заводзе ў тры змены. Як пачнуць ад першага верасня - пачатку капання бульбы, дык спыняліся хіба што на месяц улетку, каб падрамантавацца.

З удзячнасцю згадвае субяседнік кіраўнікоў саўгаса - Пятра Паўлавіча Яфімчыка, Андрэя Андрэевіча Белавусава.

Сам ён быў заняты на розных відах работ - сяўбе, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы корму. Заробак атрымліваў нядрэнны, жонка таксама працавала, гаспадарку немалую трымалі: кароў, свіней, птушку, зямлю апрацоўвалі. Усё гэта давала магчымасць жыць нядрэнна, гадаваць траіх сыноў.

Падзяка за працу.

За сваю работу атрымаў нямала ўзнагарод, быў адзначаны, як ударнік-пяцігодак, падарункаў меў шмат, але ж і працаваць даводзілася цяжка, - разважае перадавік вытворчасці. - Праца механізатара і цяпер нялёгкая, а тады... Кандыцыянераў ніякіх не было. На бульбе, ворыве, асабліва веснавым, з трактара выйдзеш - не пазнаць, адны вочы свецяцца. У 60-70 гады нам, механізатарам, адпачынак быў два тыдні. Ды й таго не бачылі. За ўсё механізатарства калі быў 3 разы ў адпачынку, то добра. А так пойдзеш, дзень-два пабудзеш і - ´выходзь, Міхайлавіч, справа неадкладная... ´. Што будзеш рабіць - трэба выручаць, як паехаў, так і паехаў... Праўда, і прэмій не шкадавалі. Асабліва за закладку сенажу. Траншэю на 700 тон трэба было за 3 дні закласці. У 5 гадзін я падымаўся - у шэсць ужо працую, кашу, ці валкую - і ў яму. За тры дні закрыем - дзвесце рублёў на сённяшнія грошы прэміі атрымаем. Ураўнілаўкі не было, усё пісалася, хто як папрацаваў, столькі і атрымаў. У святы, дзень селяніна (калгасніка), які пазней прыдумалі, - і брытвы, і гадзіннікі давалі.

Бліжэй да 90-х год перадавы механізатар прыняў удзел у абласным конкурсе аратых, дзе толькі на ´Беларусах´ спаборнічала чалавек 20. Заняў другое месца, і тое таму, што першае вырашылі даць адзінай удзельніцы-жанчыне. У саўгас ён тады прывёз новенькі трактар, на якім пасля ж і працаваў, ганаровую грамату і кварцавы гадзіннік. Праз год на раённым такім жа конкурсе заняў першае месца і атрымаў 950 рублёў. Калі пасля ездзілі на адпаведныя спаборніцтвы іншыя трактарысты, Валянціну Міхайлавічу як вопытнаму канкурсанту было што ім парэкамендаваць.

Размаўляючы з Валянцінам Дубінчыкам, не верылася, што перада мной чалавек, які размяняў дзявяты дзясятак. І выгляд, і арыентацыя ў гадах, падзеях, манера гаварыць і перасыпаная жартамі мова - усё супярэчыла прызнанню пражытых субяседнікам год. Каб не няўпэўненасць хады, колішні механізатар, здаецца, і цяпер быў бы здольны сесці за трактар і паспрачацца за найлепш праведзенае ворыва.

У дзень нараджэння і дзень пажылога чалавека да Валянціна Міхайлавіча Дубінчыка з лістом удзячнасці і падарункамі за шматгадовую плённую працу наведалася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Надзея Дудаль. Сабраліся на юбілей родныя, унукі з праўнукамі, якім стараецца дапамагчы, суседзі. І ўсе яны зычылі ветэрану працы галоўнага - здароўя і даўгалецця, якія ён спаўна заслужыў.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

На фота да матэрыялу - Валянцін Міхайлавіч Дубінчык і Надзея Дудаль .

иcтoчник: www.tribunapracy.by