Таленавіты і адданы справе педагог.

Тамара Васільеўна Кандрацьева так настойліва адмаўлялася ад інтэрв´ю, што мне нават падумалася - шкадуе, што звязала жыццё з педагогікай. Але ж ніколечкі не так. Школа, урокі, дзеці: цікаўныя і не надта, выдатнікі і сераднякі, матываваныя бацькамі на вучобу і без апошняга - усё гэта яе жыццё, стыхія, кокан, у якім адчувае сябе абароненай і ўтульна, з чым не знаходзіць сілы разлучыцца, нягледзячы на тое, што адзначыла сёлета 70-гадовы юбілей.

Таленавіты і адданы справе педагог.

Хоць пазнаёміліся з Тамарай Кандрацьевай толькі напярэдадні, яе імя для мяне, работніка рэдакцыі, на слыху даўно. Не па адным разе на год у ´раёнцы´ даводзілася паведамляць пра перамогі, дасягнутыя вучнямі педагога, на абласных і раённых алімпіядах, у творчых конкурсах, па выніках даследчай дзейнасці школьнікаў. Гэтак жа, як і пра яе асабістыя прафесійныя ўзнагароды, якіх у субяседніцы шмат, у тым ліку высокія дзяржаўныя.

Той, хто мае дачыненне да прафесіі, ведае, што за вялікімі і маленькімі поспехамі кожнага дзіцяці - штодзённая напружаная праца настаўніка, памножаная на яго прыроджаныя якасці, талент вылучыць галоўнае, данесці і замацаваць. Тамара Васільеўна перадае свае веды без насаджвання - праз любоў да справы, уменне гаварыць з дзецьмі, бачыць і чуць іх, праз уменне захапіць тым, чым жыве сама - любоўю да Радзімы, сваіх вытокаў, да роднай мовы. Яна ўпэўнена - калі настаўнік хоча, каб вучань добра вучыўся, трэба, каб і сам настаўнік добра вучыў. А гэта значыць, што і самому педагогу патрэбна пастаянна павышаць свой прафесіянальны ўзровень, удасканальваць майстэрства. Асабіста яна заўжды да гэтага імкнулася.

На прафесійны выбар Тамары Васільеўны, як яна кажа, ніхто не ўплываў.

- Гэта, напэўна, на генным узроўні, - усміхаецца субяседніца. - Сярод маіх родных шмат педагогаў, ёсць дастаткова вядомыя. Адукаваным быў тата. Мала што не скончыў Горацкую сельгасакадэмію: быў адлічаны з установы як сын кулака, але ведаў на памяць шмат вершаў, чытаў іх спачатку нам, дзецям, пасля ўнукам. Прафесію педагога беларускай мовы абрала і мая дачка. Так што ў нас гэта, можна сказаць, сямейнае...

Першы настаўніцкі вопыт Тамара Васільеўна набыла на Быхаўшчыне, куды прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута. Далей былі 23 гады працы, насычанай і творчай, у Сычкаўскай школе. Яна дагэтуль захоўвае часопіс ´Бярозка´ за 1983 год з фотаздымкамі вучняў свайго першага выпуску ў гэтай установе - піянерскага атрада, які браў удзел у юнкораўскім прэс-клубе ´Арбіта´. З захапленнем згадвае работу вучняў у мясцовым музеі, чые расповеды пра знакамітага земляка Дуніна-Марцінкевіча на беларускай мове надзвычай захаплялі наведвальнікаў...

Пасля закрыцця Сычкаўскай школы маёй суразмоўцы можна было пайсці на заслужаны адпачынак, але ж прага да працы не дала зрабіць гэтага. На працягу чатырох год Тамара Васільеўна настаўнічала ў Плёскай сярэдняй школе. І ўжо дванаццаць - у Міхалёўскім ВПК ´Дз/сад-СШ´, цяпер - у якасці кіраўніка школьнага музея, дапамагае вучням засвоіць павышаны ўзровень вучэбнага прадмета. Рабіць гэта педагогу дазваляюць і глыбіня ведаў, і багаты прафесійны вопыт, і самаадукацыя - засваенне сучасных форм навучання.

Быць добрым настаўнікам, але недобрасумленным, няшчырым, абыякавым да людзей чалавекам - немагчыма, як немагчыма і адваротнае. Тамара Васільеўна і цяпер не стрымліваецца ад слёз, калі згадвае нялёгкія лёсы сваіх бацькоў. Маці - блакадніцы Ленінграда, якая засталася жывой толькі таму, што пасля чатырох год невыноснага голаду пайшла ў апалчэнне, дзе гарантаваліся 125 грамаў чорнага хлеба. Бацькі, інваліда Вялікай Айчыннай вайны 1-й групы, - актыўнага абаронцы Айчыны, для каго ўдзел у партызанскім руху (апісана ў кнізе ´Памяць´. Шклоўскі раён) абярнуўся стратай зроку. Пранёсшы праз жыццё клопат пра родных, Тамара Васільеўна найвялікшай на зямлі каштоўнасцю лічыць мір і спакой.

І хоць тыя, да каго рвалася яе душа, куды, нягледзячы на занятасць і адлегласць, амаль штотыдня ездзіла, пайшлі з жыцця, мая субяседніца не перастае збірацца ў вёску Лешча, што на Шклоўшчыне (жыхароў амаль не засталося), каб пабываць на родных могілках, насыціцца водарам малой радзімы.

І зноўку - жыць, займацца тым, што наканавана богам, радавацца поспехам унучкі, якая падрастае, сваіх вучняў.

Якую ўзамен чакае падзяку? У адказ на гэтае пытанне настаўніца прыгадвае выпадак. Неяк з унучкай яна пайшла гуляць у гарадскі парк. Стоячы ў чарзе за марозівам, запыталася, ці надоўга адышоў прадавец. І раптам мужчына, які стаяў у чарзе перад ёй, не абарочваючыся, прамовіў: ´Тамара Васільеўна, гэта Вы? Я пазнаў Вас па голасе´.

- Мы не бачыліся 30 год, - кажа субяседніца. - За гэты час цікаўны, адкрыты, здольны да вучобы школьнік стаў інтэлігентным чалавекам, годным грамадзянінам сваёй краіны. Для мяне яго словы былі настолькі кранальнымі... Такіх выпадкаў набярэцца нямала. Гэта, лічу, і ёсць найвялікшая падзяка за працу - тое, што акрыляе, дае жаданне служыць справе як найлепш. А цяпер, на закаце прафесійнай дарогі, і пацвярджае правільнасць яе абрання.

Школа мяняецца, мяняюцца падыходы да навучання. Аднак нязменным было і будзе адно: вынік работы школы (навучанне і выхаванне юнага грамадзяніна) залежыць ад настаўніка, які дзіця суправаджае. І добра калі такім настаўнікамім будзе такі ж таленавіты і адданы справе, як Тамара Васільеўна Кандрацьева.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Т.В. Кандрацьевай.

иcтoчник: www.tribunapracy.by