
У мінулую сераду, дзень нашага наведвання гаспадаркі, сіласную траншэю закладвалі на жывёлагадоўчым комплексе ´Баранавічы´. На полі паблізу комплекса, дзе вяліся ўборачныя работы, было задзейнічана два камбайны - пад кіраваннем Аляксандра Раманавіча Гаўрыленкі і Віталя Васільевіча Баранава, сем адзінак тэхнікі (МАЗы і трактары з ПІМамі) для перавозкі ўраджаю.
- Акрамя тых пяці траншэй, што маюцца, кукурузным сіласам збіраемся закласці яшчэ шэсць, ураджай дазволіць, - дзеліцца развагамі намеснік дырэктара Мікалай Барысавіч Гертман. - З гэтай вось ямай на паўтары тысячы тон (паказвае ў бок траншэі, дзе без супынку снуе трактар) пачалі працаваць сёння, за дні 3-4, як таго патрабуе тэхналогія, управімся.
Для разраўновання і трамбоўкі масы - немалаважнай умовы якаснага корму на выхадзе - у траншэі працуюць Уладзімір Міхайлавіч Рослік на трактары Амкадор-352 і Сяргей Анатольевіч Фаістаў (на МТЗ-3022). Работу сваю механізатары ведаюць, падыходзяць да яе, як і да любой іншай у сельскагаспадарчым кругавароце спраў, сумленна і адказна, перапынак - толькі на абед.

Уладзімір Рослік
Зрэшты, апошні ад графіку не адхіляецца. Роўна а 12-й да месца закладкі сіласу пад´ехала ´палявая кухня´ з раздатчыцай абедаў Вольгай Міхайлаўнай Рабянок, якую падвозіць у поле Уладзімір Давыдоўскі. Стравы для земляробаў гатуюць у ´саўгаснай´ сталовай. Па водгуках механізатараў - смачныя і сытныя, у чым заслуга кухара Зоі Мікалаеўны Даліда.

Уладзімір Давыдоўскі
... На полі, дзе хадзілі камбайны, адзначаем неаднароднасць кукурузнай ´сцяны´ - у некаторых месцах расліны прыкметна ніжэйшыя. Розная, па словах Мікалая Гертмана, і ўраджайнасць палёў.
- Ад чаго яна залежыць? Ад многага - гатункаў, непасрэдна поля, надвор´я, - кажа субяседнік і звяртае ўвагу на пабялеўшую кукурузу
- З-за замаразкаў, якія здарыліся, лісце адразу збялела, страціла сакавітасць.
Праўда, на якасць корму гэтая акалічнасць, па словах суправаджатага, асабліва не паўплывае: тут галоўнае - багаты на бялок пачатак.
Палёў кукурузных у гаспадарцы нямала. Каб знізіць выдаткі на перавозку кукурузнай масы да траншэй, плануюць іх бліжэй да ферм.
Для пасеву культуры на зерне выкарыстоўваюць насенне замежнай селекцыі: каб пачаткі паспелі выспець. Для сіласу ж дастаткова, калі пачатак і малочна-васковы.
Зерне кукурузы, як адзначаюць у гаспадарцы, сёлета павінна быць нядрэнным. У мінулым годзе намалот склаў 3000 т, пры тым што збажыны намалацілі 2600 т. Кукуруза дала і значна вышэйшую ўраджайнасць. Але ж і вырошчванне яе абыходзіцца - і насенне, і азотныя мінеральныя ўгнаенні, без якіх аніяк, не танныя. Мінулагодняе зерне, за выключэннем таго, што пакінулі на насенне, захоўвалі ў здробненым выглядзе часткова ў ´рукавах´, часткова - з захаваннем тэхналагічных патрабаванняў - у траншэі. Які ўраджай атрымаюць сёлета і як з ім абыдуцца, пакажа час.

Аляксандр Леановіч, вадзіцель МАЗа

Аляксандр Гаўрыленк а
Акрамя ўборкі кукурузы на сілас, у гаспадарцы праводзяць хімпраполку азімага рапсу, рыхтуюць глебу і сеюць азімую збажыну. Зусім нядаўна ўбралі грэчку, цалкам выканаўшы дзяржзаказ па гэтай культуры. З 36 т зерня, што засталіся, частку збіраюцца пакінуць на насенне, астатняе, магчыма, паставяць на крупу. Справы ў гаспадарцы ідуць сваёй чаргой. Шмат увагі надаецца абнаўленню машынна-трактарнага парку. З апошняга, атрыманага ў лізінг, - камбайн ´Палессе´, які даручылі аднаму з лепшых механізатараў Дзмітрыю Пятровічу Кунцу.
- Усё б нядрэнна, каб не дэфіцыт кадраў, - дзеліцца Мікалай Барысавіч. - Недахоп працоўных рук асабліва адчуваецца сярод механізатараў. Таму ў гаспадарцы радыя кожнаму, чые адносіны да працы вызначаюць сумленне і адказнасць.
P.s. Па стану на раніцу ўчарашняга дня, кукуруза на сілас у ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ ўбрана на плошчы 1240 га, ці 93% ад патрэбы.
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by