Людзі працы - такія розныя і такія аднолькава шчырыя.

Сутыкаючыся з працаўнікамі сельскай гаспадаркі - маладымі і ў гадах, адкрытымі да размовы і не надта, не перастаеш захапляцца ўнутранай прыгажосцю людзей, якія прысвяцілі сябе нялёгкаму спрадвеку клопату вырошчваць хлеб, хадзіць за жывёлай. Іншы скажа - пайшлі, бо другой дарогі не асілілі. Не пагаджуся.

На фермах раёна, у перадавых сельгасвытворчасці, нямала людзей, для каго ўвайсці ў склад штату гаспадаркі - стаць даяркай ці механізатарам, было сапраўды вялікім гонарам. Шмат тых, перад кім дылемы - застацца вяскоўцам ці пераехаць у горад, не паўставала з-за цвёрдай ўнутранай упэўненасці-патрэбы, затое работа з тэхнікай на тым жа мехдвары гэтую патрэбу ´на ўсе сто´ задавальняла. Ёсць і тыя, хто да служэння зямлі прыйшоў, не знайшоўшы сябе ў горадзе - у прамым ці пераносным сэнсе. Шчырыя, сумленныя, з жаданнем прыносіць карысць гаспадарцы і сям´і - многія з іх працягваюць заставацца ў працоўным страі, нягледзячы на магчымасць знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

У ліку тых, хто паспрабаваў сябе ў горадзе і асалоды ў гэтым не знайшоў, Аляксандр Міхайлавіч Юшкевіч з ААТ ´Міхалёўская Ніва´.

- Пасля арміі пяць месяцаў працаваў на бабруйскім Аграмашы, але кінуў і вярнуўся ў вёску - не маё, - ніколькі не шкадуе пра той свой крок механізатар.

Пяць год як Аляксандр Міхайлавіч на заслужаным адпачынку, атрымлівае пенсію (на памер не крыўдзіцца) і працягвае працаваць. Пятнаццаць з 42-х гадоў стажу ў гаспадарцы - ён на пагрузчыку. І раней, і цяпер выконвае свае абавязкі, па словах кіраўніцтва акцыянернага таварыства, сумленна і адказна, па-гаспадарску.

- Дома сядзець няма жадання, - кажа субяседнік, - што там рабіць? А тут заўжды на свежым паветры, з людзьмі пагаворыш, адчуваеш сябе патрэбным - апошняе для чалавека надзвычай важна.

У хаце (жыве ў шматкватэрным доме) Аляксандр Міхайлавіч цяпер адзін: жонку вось ужо 8 год як забрала хвароба, дзеці разышліся - адна дачка з сям´ёй жыве там жа ў аграгарадку, другая - за мяжой, у Іспаніі: ездзіла туды дзяўчынкай на аздараўленне, прыйшлася гаспадарам даспадобы, якія прапанавалі ёй працягнуць там вучобу. Скончыла школу, універсітэт, цяпер працуе. Малую радзіму наведвае не часта, цяпер жа, праз каранавірус, тым болей. Але выручае тэлефон.

- Магу пачуць яе хоць зараз,- усміхаецца суразмоўца. - А ўвогуле кажу дачцы - дзверы майго дома для цябе заўжды адчыненыя. І па-бацькоўску, як мне падалося, спадзяецца на гэта.

У вольны ад работы час Аляксандр Міхайлавіч бавіць час з вудай - вадаёмаў у акрузе дастаткова. Праўда, зараз, як кажа, не пасядзіш: да шасці гадзін на працы, а ў сем ужо пачынае змяркацца. Выходных дзён у гэтыя дні таксама няма.

- Каб яшчэ гарэлку піў, то можа б былі выхадныя, - жартуе ён, - а калі не п´ю - няма. Ды, па праўдзе, і сумленне не дазваляе прэтэндаваць: разумею, як спешна трэба ўсё ўбіраць, пакуль надвор´е дазваляе - восеньскі ж дзень непрадказальны.

Задача механізатара гэтай парой - забяспечваць пагрузку цукровых буракоў. Заробак - ад колькасці адгружаных тон. За размовай субяседнік раз-пораз паглядвае на дарогу: самы час з´явіцца перавозчыку.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by