
Як і штогод, пад культуру тут адведзены значныя плошчы. Сёлета занята 400 гектараў - пераважная частка ад агульнараённых бульбяных палеткаў (544 га). Па стане на раніцу ўчарашняга дня было выкапана 71 га ці 18% ад патрэбы, ураджайнасць, па апошніх дадзеных, - 352 ц/га.
- Магчыма, што калі пяройдзем на палі, дзе пасаджаны ´Рэд Скарлет´ (галандскі сталовы гатунак, яго ў гаспадарцы болей за палову плошчаў), то ўраджайнасць яшчэ павялічыцца. Але гэта толькі меркаванне..., - не бярэцца сцвярджаць - маўляў, усяму свой час - галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Аляксандравіч Залужны.
Сярод гатункаў таксама айчынныя ´Брыз´ і ´Маніфест´.
Уборка клубняў, як і любая іншая справа, за якую б ні браліся ў ´Гіганце´, праходзіць зладжана. На полі - тры бульбаўборачныя двухрадныя камбайны з бакавым падкопам (збіраюцца падключыць чацвёрты), якімі кіруюць Іван Іванавіч Багданаў, Сяргей Іванавіч Дайнека і Аляксандр Паўлавіч Мінькоў. У памагатых кожнаму - памочнік камбайнера, які сочыць за працэсам ажыццяўлення капання. На перавозцы клубняў занята чатыры МАЗы (па машыне - да камбайна, адна - у запасе), іх вадзіцелі Валерый Уладзіміравіч Шэвялёў, Уладзімір Мікалаевіч Шэпялевіч, Сяргей Канстанцінавіч Педан і Мікалай Антонавіч Хурсан.


Іван Філіпаў (злева) і Дзмітрый Шэпялевіч
Як заўжды зладжана арганізаваны і працэс сартоўкі клубняў. Па словах загадчыка бульбасховішча Дзмітрыя Аляксандравіча Шэпялевіча, бульба сартуецца на тры фракцыі: дробную, насенную і буйную харчовую. Першая пасля яшчэ адной сартоўкі выкарыстоўваецца ў асноўным на корм жывёле. Насенная ў секцыі бульбасховішча дастаўляецца ў кантэйнерах, у іх жа і захоўваецца. Харчовыя клубні паступаюць непасрэдна ў секцыю, захоўваюцца там навальным спосабам.


Устаноўку па сартаванні бульбы ў дзень нашага наведвання абслугоўвалі аператары Дзмітрый Аляксандравіч Макаранка і Максім Анатольевіч Гошка, вадзіцелі электрапагрузчыкаў Іван Уладзіміравіч Філіпаў і Аляксей Іванавіч Сысой.


Дзмітрый Макаранка
Працуе сартоўка, як паведаміў загадчык бульбасховішча, ад досвітку да змяркання ў напружаным рэжыме, бо МАЗы з ураджаем падыходзяць адзін за адным. На гэтай пасадзе ён чатыры гады і сёлетнюю бульбу ацэньвае станоўча як па якасці клубняў, так і па ўраджайнасці.
- Надвор´е стаіць спрыяльнае для палявых работ, таму, вядома ж, хочацца і больш выкапаць, - заўважае Уладзімір Залужны, - каб да пачатку кастрычніка гэты від работ і ўвогуле завяршыць.
Між тым, адна справа - атрымаць добры ўраджай, другая, не меньш значная, - яго рэалізаваць, атрымаць прыбытак. Таму пакуль адны ў калектыве заняты ўборкай бульбы, другія - пошукам пакупнікоў на яе, падрыхтоўкай неабходнай для рэалізацыі клубняў дакументацыі.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.
иcтoчник: www.tribunapracy.by