Тэмпы гаспадаркі не збаўляюць.

Як ніколі гэтаму садзейнічае надвор´е. Дождж вяскоўцы хоць і чакаюць, але ж кожны разумее: сабраць хлеб - у прыярытэце.

Па апошніх дадзеных, убрана 10 777 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, або прыкладна 67% ад пасеянага. Валавы збор складае 31 736 тон зерня.

- Гэта болей, чым сабралі за ўвесь мінулагодні сезон - у 2019-м па выніках жніва было 28 880 тон, - адзначыў начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віктар Садоўскі.

Пры гэтым, як ён заўважыў, у двух сельгасарганізацыях: філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ і ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, ураджай збажыны сабраны цалкам. Найбольш нізкія тэмпы ўборкі на гэтую пару ў ААТ ´Стасеўка´, абмалочана меней за 30% плошчаў. Меней за сярэднераённы паказчык - ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´ - 45%, філіял ´Варатынь´ ААТ´ БЗТДіА´ - 58%, ААТ ´Саўгас Бабруйскі´ - 60%. Дамагчы некаторым з гаспадарак узяліся хлебаробы ´Харчавіка-Агра´ і ´Саўгаса Кісялевічы´, у якасці разліку - 15% ад сабранага зерня.

Што да ўраджайнасці хлебнай нівы, то яна ў сярэднім па раёне працягвае ўтрымлівацца на 30 ц/га. Бясспрэчны лідар па гэтым паказчыку - СВК ´Гігант´ з ураджайнасцю 53 ц/га. У ААТ ´Неўскі-Агра´ ў сярэднім з круга бяруць 36 ц/га, філіял ´Харчавік-Агра´ завяршыў уборку з ураджайнасцю 33 ц/га, ´Саўгас Кісялевічы´ - 20 ц/га. Ураджайнасць збажыны ў ААТ ´Міхалёўская Ніва´ 30 ц/га, філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ - 33, ААТ ´Аграмашсэрвіс´ - 26, ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ - 20, ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´ - 28 ц/га.

Дзяржаўны заказ на зерне збажыны выкананы раёнам на 82%.

Адначасова з уборачнымі работамі ў гаспадарках займаюцца падрыхтоўкай глебы пад сяўбу азімага рапсу.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by