Бабруйшчына ўключылася ва ўборку хлябоў

Да ўборкі ўраджаю збожжавых культур, адсвяткаваўшы ´Зажынкі´, прыступілі выключна ўсе раённыя сельгасарганізацыі. Убіраюць пшаніцу, трыцікале, жыта, ячмень. На ўчарашнюю раніцу, па звестках упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, у раёне ўбрана 2264 гектары або 14% ад занятых збажыной плошчаў, намалочана 6853 тоны зерня пры сярэдняй ураджайнасці 30 цэнтнераў з гектара.

Пры гэтым найбольш ураджайная на сёння хлебная ніва ´Гіганта´: з аднаго круга ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве ўзялі па 51 цэнтнеру зерня! Другі па велічыні паказчык у ААТ ´Неўскі-Агра´ - 36 ц/га. На апошняй пазіцыі па ўраджайнасці збажыны на гэтую пару адкрытыя акцыянерныя таварыствы ´Стасеўка´ і ´Агракамбінат Бабруйскі´ з ураджайнасцю 20 ц/га.

Сабранае зерне пры неабходнасці дасушваецца або непасрэдна ў гаспадарках, або на Бабруйскім КХП, куды ўраджай пастаўляецца ў лік дзяржзаказу. План апошняга для раёна складае 4810 тон, пастаўлена - 900 тон.

Ужо каторы дзень убіраюць збажыну ў БААТ ´Аграмашсэрвіс´. Учора на малацьбе аўсу паблізу в. Бабіна засталі тры зернеўборачныя камбайны ´Палессе´ пад упраўленнем Аляксандра Барысавіча Нічыпаловіча, Сямёна Яўсеевіча Шлапянкова і Віталя Валер´евіча Падшывалава. У складзе экіпажаў таксама памочнікі камбайнераў: Сяргей Анатольевіч Фаістаў, Мікалай Мікалаевіч Сяргееў і Алег Анатольевіч Сідаровіч.

Бабруйшчына ўключылася ва ўборку хлябоўНа хлебнай ніве БААТ ´Аграмашсэрвіс´ працуе экіпаж зернеўборачнага камбайна ў складзе Аляксандра Нічыпаловіча (справа) і Сяргея Фаістава
Бабруйшчына ўключылася ва ўборку хлябоў

Юрый Іванавіч Лішко заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў

Надвор´е з раніцы садзейнічала ўборцы. Тэхніка на залацістай ніве спынялася толькі каб выгрузіць зерне, ну і на імгненне - каб сфатаграфаваць удзельнікаў жніва. Па словах галоўнага агранома Андрэя Рыгоравіча Чорнага, на дзень аўторка ў гаспадарцы ўжо ўбралі азімую пшаніцу, часткова жыта і авёс.

Бабруйшчына ўключылася ва ўборку хлябоў Бабруйшчына ўключылася ва ўборку хлябоў

Што да азімага рапсу, то гэтая культура ў раёне цалкам убрана. З плошчы ў 2012 гектараў сабрана 4088 тон масланасення пры сярэдняй ураджайнасці 20 ц/га. Вядома, што першай справай гаспадаркі імкнуліся разлічыцца з дзяржаўным заказам. На сёння, як адзначылі ў райсельгасхарчы, план пастаўкі дзяржаве масланасення выкананы болей чым на 90%.

Тым часам у радзе гаспадарак: філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´, філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´, прыступілі да падрыхтоўкі глебы пад чарговую сяўбу культуры - закладваюць фундамент пад ураджай 2021 года.

Не спыняецца нарыхтоўка травянога корму для пагалоўя. Па дадзеных райсельгасхарчу, на ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне нарыхтавана 12,2 ц к. адз. (план - не меней за 30), што на 0,6 ц

к. адз. болей, чым на гэтую пару леташняга года.

Лідарства па колькасці нарыхтаванага корму на ўмоўную галаву на гэты час трымаюць ААТ ´Міхалёўская Ніва´ (17,1 ц к. адз.) і ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ (17,0). Самы нізкі паказчык у ААТ ´Стасеўка´ - 6,1 ц к. адз. Праўда, ён на трэць вышэйшы за папярэдні год.

Назапашваюць з другога ўкосу траў у асноўным сена.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by