Дзівосы малой радзімы.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

30 красавіка ў пасёлку Глуша сабраліся настаўнікі рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры Бабруйскага раёна на сваё заключнае пасяджэнне ў гэтым навучальным годзе. Але пасяджэннем гэта можна назваць умоўна.

Ужо ў самым пачатку мерапрыемства гасцей пасёлка сустрэлі на прыпынку Алеся Адамовіча і прапанавалі ім прайсці экскурсію ў форме квэст-гульні з дапамогай квэстбукаў - кніжак, у якіх змешчаны заданні і QR-коды з дапаможнай інфармацыяй. Рухаючыся па маршруце і выконваючы розныя заданні, настаўнікі пазнаёміліся з культурнымі і гістарычнымі помнікамі пасёлка.

Потым педагогі наведалі магілу Алеся Адамовіча, што знаходзіцца на могілках каля вёскі Дойнічава, і ўшанавалі памяць пісьменніка, усклаўшы на яго магілу кветкі.

Але і на гэтым справа не скончылася. Вярнуўшыся ў Глушу, настаўнікі завіталі ў Глушанскі Цэнтр рамёстваў. Там іх сустрэла гаспадыня гэтага маляўнічага куточка - загадчыца Лаура Фамцова. Яна правяла экскурсію па сваёй гаспадарцы: завяла на вятрак, расказала пра гісторыю з´яўлення ў пасёлку царквы св. Панцеляймона, распавяла пра ўзнікненне Музея пад адкрытым небам, пра фестываль ´Глушанскі хутарок´. Эстафету ў Лауры Багманаўны прыняў Народны майстар Беларусі Аляксандр Арлоў. Ён правёў сваіх гасцей у ганчарную майстэрню. Настаўнікі са здзіўленнем і захапленнем назіралі, як у чароўных руках майстра ажываў кавалак гліны, рабіўся гладышом.

Дзівосы малой радзімы.

Напрыканцы гэтага цудоўнага мерапрыемства Лаура Фамцова правяла майстар-клас па роспісе гліняных фігурак. Гэта была своеасаблівая арт-тэрапія для педагогаў у канцы навучальнага года.

Развітваліся калегі стомленыя, але натхнёныя дзівосамі нашай малой радзімы.