Уверенно восстанавливает былую славу сельхозкооператив ´Гигант´ в Бобруйском районе.

иcтoчник: mogilev-region.gov.by

Дырэктар бабруйскага СВК ´Гігант´ Васіль Жук: ´Абяцаў калектыву прыўмножыць поспехі. Першыя крокі зроблены´

Амаль год таму СВК ´Гігант´ у Бабруйскім раёне ўзначаліў выпускнік Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі Васіль ЖУК. Сельгаспрадпрыемства мяса-малочнага напрамку, а ў раслінаводстве - вытворчасць бульбы, зерня і насення рапсу. Цэнтральная сядзіба - вёска Вялікія Бортнікі - адна з першых у раёне атрымала статус аграгарадка.

Малады дырэктар і яго паплечнікі заўзята ўзяліся за справу. Для больш эфектыўнага выкарыстання машынна-трактарнага парка працоўны дзень механізатараў і вадзіцеляў цяпер пачынаецца раней. Перагледзелі і арганізацыю працы жывёлаводаў. Вынік не заставіў сябе доўга чакаць: пайшлі ў рост эканамічныя паказчыкі вытворчай дзейнасці, і адпаведна людзі сталі больш атрымліваць за старанне. Сярэднямесячны заробак кожнага з трохсот працаўнікоў перавышае 1100 рублёў.

Хлебаробы гаспадаркі паспяхова справіліся з уборкай. За год амаль у паўтара раза вырасла валавая вытворчасць малака. Штодзённа на перапрацоўчае прадпрыемства ААТ ´Бабушкина крынка´ рэалізуецца 14 тон прадукту. Рэнтабельнасць малочнай галіны вырасла да 30 працэнтаў.

Калектыў папаўняецца новымі працоўнымі кадрамі. Для сем´яў перасяленцаў рамантуюцца дамы, плануецца і будаўніцтва новага жылля.

У гаспадарцы даводзілася бываць і раней, сустракацца з былым дырэктарам Міхаілам Леваковым, спецыялістамі і працаўнікамі. У памяці засталося, як захапляюча кіраўнік расказваў пра калектыў, справы на палях і фермах, пра газіфікацыю Вялікіх Бортнікаў.

- Да апошняга свайго дня Міхаіл Пятровіч жыў справамі гаспадаркі, - ціха прамовіў дырэктар СВК ´Гігант´ Васіль Жук. - Мяне запрашаў на пасаду намесніка дырэктара. У канцы мінулага года, калі не стала Левакова, мне прапанавалі ўзначаліць гэты калектыў. Гаспадарка маштабная і шматпрофільная. У яе гісторыі былі ўзлёты і падзенні. Кіраваць такім вялікім калектывам даволі адказна. Прапанову прыняў: з дзяцінства прывучаны смела крочыць па жыцці. Скажу шчыра, калектыў мяне не адразу прыняў. Штодзённай працай сябе зацвярджаў. Былі вельмі крытычныя моманты, калі ледзьве не зламаўся, але вытрымаў.

З часам усё стабілізавалася. Калі ўзнікае неабходнасць, не цураюся апрануць ветэрынарны халат і аказаць тэрміновую дапамогу жывёле. У нашым радаводзе я ў трэцім пакаленні ветэрынар. Дзядуля па мацярынскай лініі ўсё жыццё лячыў жывёлу. Бацькі мае таксама ветэрынары. З дзяцінства я сябе бачыў у гэтай прафесіі. І зараз па-ранейшаму не прапускаю навінкі навуковай літаратуры па ветэрынарыі. Самастойна паглыбляю веды па агранаміі, эканоміцы.

Нікога з галоўных спецыялістаў не памяняў. Кіруючае звяно ўзмацніў маладым пакаленнем, каб перанімалі вопыт у старэйшых і раскрываліся ў практычнай дзейнасці. Сярэдні ўзрост пяці маіх намеснікаў - 40 гадоў.

- Якой прынялі гаспадарку?

- З добра аснашчаным машынна-трактарным паркам. Але тэхніка выпрацавала фізічны рэсурс. Часта выходзіць са строю, што стрымлівае тэмпы работ і адмоўна ўплывае на канчатковыя вынікі вытворчай дзейнасці. Прынялі рашэнне неадкладна абнаўляць тэхнічны арсенал.

Набываем у асноўным энерганасычаную тэхніку.

Што тычыцца эканомікі, то гады два яшчэ трэба, каб па асноўных вытворчых паказчыках выйсці на былыя рубяжы. На вынікі хлебаробскай працы надта ўплывае надвор´е. Імкнёмся на палях аператыўна мяняць тактыку дзеянняў, своечасова пераключацца ў залежнасці ад кліматычных сітуацый. Вось у канцы чэрвеня на пераўвільготненым полі пасеялі кукурузу. Па тры метры вырасла. Больш як па 300 цэнтнераў зялёнай масы дасць кожны гектар. А на другім полі, засеяным імпартным насеннем, спадзяёмся атрымаць па паўтысячы тон сіласнай масы кукурузы. І бульба добра ўрадзіла, амаль па 300 цэнтнераў дае кожны гектар. Сабраную з паніжаных палёў адразу рэалізуем. А астатнюю засыплем у сховішча. Яно разлічана на захоўванне 20 тысяч тон клубняў. Спадзяёмся сёлета сабраць больш за дзесяць тысяч тон. Стартавая цана на бульбу - 70 капеек за кілаграм, а далей будзе відаць, па якой цане рэалізоўваць яе.

- Разлічвалі на такія станоўчыя вынікі вашага дырэктарства?

- Інакш быць не магло. Але лічу, што самае важнае для мяне - дастукаўся да людзей. Вялікая ўдача адчуць узаемапаразуменне з калектывам. Механізатары прынялі прапанову раней пачынаць працоўны дзень, як у той прымаўцы: хто рана ўстае, таму Бог дае. Нават у гэтыя асеннія дні ў сем гадзін раніцы ўся тэхніка на полі. У такі час на зямлі спраў хапае, толькі паспявай упраўляцца. Сеем азімыя, нарыхтоўваем кармы, капаем бульбу, рыхтуем глебу.

Наведваючы гаспадарку, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц пацікавіўся, што новага з´явілася ў нас. Адказаў яму, што вясною арганізавалі раннюю падкормку азімых збожжавых і рапсу. Сваёй спецыялізаванай тэхнікі не было. Узялі ў арэнду агрэгат і заправілі пасевы. Добра апрацавалі ўсе палі. Усё гэта станоўча паўплывала на ўраджайнасць. На 400 тон больш, чым у папярэднія гады, намалацілі насення рапсу. Перапрацоўваем яго на сваёй вытворчасці. Жмыхам узбагачаем рацыён буйной рагатай жывёлы і свіней. Збалансаваны корм больш эфектыўна ўжываецца. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе парасят перавышае 700 грамаў.

- Побач з гаспадаркай - прамысловы Бабруйск, які пераманьвае моладзь. Працаваць на палях і фермах ёсць каму?

- Працоўных рук хапае. Калі раней першынствавалі маральныя стымулы, то цяпер людзі чакаюць заробкаў. Не граматамі, а рублём разлічваемся за выкананую працу. Заробкі пастаянна растуць.

Кіраўніку важна дбаць пра перспектыву гаспадаркі. Падтрымліва-ем сувязь з ДУА ´Бортнікаўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад - сярэдняя школа´. Сёлета ў выпускным класе тры вучні, а ў 10-м - чатыры. Абнадзейвае, што дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі ў 1-ы клас. Перадалі школе газонакасілку, тэлевізар, баскетбольныя мячы. Аказваем спонсарскую дапамогу і аздараўляльнаму лагеру, дзе летам адпачываюць дзеці нашых працаўнікоў. Будзем з малодшых класаў школьнікаў прызвычайваць да працы на зямлі. А потым накіроўваць на вучобу з выплатай дастойнай стыпендыі. У жніво падлеткі збіралі на полі каласкі. Каб зацікавіць іх, кожнаму выплацілі па 500 рублёў. Матэрыяльна дапамагаем і шматдзетным сем´ям.

Усё робім у рамках дзеючага заканадаўства. Як гаспадарцы з прыватнай формай уласнасці нам не даводзіцца дзяржзаказ на пастаўку сельгаспрадукцыі. Але і рэалізаваць яе за межамі вобласці не маем права. З-за гэтага страчваем магчымасць прадаць тавар па больш выгаднай цане. Атрыманую выручку маглі б накіроўваць на развіццё вытворчасці, умацаванне прамысловай базы.

У вытворчым працэсе імкнёмся да мінімуму звесці чалавечы фактар. Стаўка - на тэхнічнае забеспячэнне.

- Васіль Пятровіч, якой вам, маладому кіраўніку, бачыцца перспектыва гаспадаркі?

- І надалей развіваць усе вектары вытворчай дзейнасці. Плануем стварыць меліярацыйную сістэму і максімальна наблізіцца да выкарыстання палівальнай тэхнікі ў засушлівы перыяд. Гэта дазволіць рэгуляваць ураджайнасць сельгаскультур. Настроены навесці парадак на зямлі і ў вытворчай зоне.

Пры гэтым пастаянна будзем клапаціцца і пра сацыяльную сферу. Вясковец не павінен загружаць сябе вялікай хатняй гаспадаркай. Яго асноўны занятак - праца ў калектыве. Стабільна высокія заробкі дазваляюць мець усё неабходнае для жыцця і адпачынку. Задумваемся над стварэннем разнастайнага культурна-масавага сэрвісу: спартыўнай залы, розных пляцовак для аматараў спорту, правядзення разнапланавых мерапрыемстваў. Намераны ў пустуючым будынку стварыць музей гісторыі гаспадаркі. Важна жаданне суаднесці з магчымасцю, каб нядзеля стала сапраўдным выхадным для вяскоўца.

- Што для вас найбольш каштоўнае ў жыцці?

- Вышэй за чалавека нічога няма. Так з малых гадоў выхаваны. Вырас у вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна, дзе захаваўся ўнікальны помнік архітэктуры - мураваная царква. Духоўнасць заўжды шанавалася ў нашай сям´і. І сваіх дачок мы з жонкай Ірынай так імкнёмся выхоўваць. Старэйшая Насця вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, а меншая Валерыя пайшла ў дзявяты клас новай сярэдняй школы ў Бабруйску, у адкрыцці якой сёлета прымаў удзел Кіраўнік дзяржавы.

- Вы па натуры зайздросны?

- У такой меры, як і кожны чалавек. Памятаю, як узначальваў суседнюю гаспадарку, зайздросціў калектыву ´Гіганта´, што вытрымлівалася тэхналогія на вытворчасці, заробкі былі лепшыя. Работнікі мелі выхадныя дні, а мы такой раскошы не маглі дазволіць.

- Ад якой рысы характару хацелі б пазбавіцца?

- Залішняя даверлівасць мяшае прымаць правільныя рашэнні. Звычайна даверлівасць запальвае ініцыятыву, а потым розумам шукаеш у гэтым рацыяльнае. А мо і нядрэнная гэта рыса - дабрыня.

- Вашы парады маладым кіраўнікам.

- Давяраць людзям і ўмець дараваць ім памылкі. У маёй сітуацыі, каб паставіць чалавека ў рамкі, часцей даводзіцца прымяняць пакаранні. Але ўсё перманентна.

- Што значаць для вас любоў і шчасце?

- Сапраўднае шчасце - калі ёсць любоў і праца. Удзячны лёсу, што не абдзелены гэтым. Даражу сям´ёй, роднымі. Калі на сходзе калектыву мяне выбіралі кіраўніком, абяцаў прыўмножыць поспехі. Першыя крокі зроблены. Упэўнена кіруемся далей. Большага шчасця і не ўяўляю.

Владимир Суббот, фото автора,