иcтoчник: www.tribunapracy.by

Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі

Урачыстастасць, спалучаная з забаўляльнай праграмай, прайшла ў населеным пункце ў мінулую нядзелю. Сабрала ад малога да старога жыхароў Гарохаўкі, суседняй Макараўкі ды гасцей з Бабруйска.

- Гады два Дзень вёскі не праводзілі, а сёлета вырашылі сумясціць яго з асвяшчэннем абраза, выкананага з мазаікі мясцовым жыхаром Леанідам Іванавічам Бабакам, - кажа дырэктар Гарохаўскага Дома народнай творчасці Валерый Кліменцьевіч Васілеўскі. - Здаецца, атрымалася нядрэнна - змястоўна, сардэчна і весела.

Менавіта з асвяшчэння абраза, які правёў пратаіерэй Валянцін, настаяцель Гарбацэвіцкага храма, і пачалося свята ў Гарохаўцы. Пасля малітоўнай працэдуры і прамовы бацюшкі да тых, хто сабраўся, абраз быў устаноўлены на Паклонным крыжы, што на ўездзе ў населены пункт.

На пляцоўцы ля мясцовай установы культуры выставіла свае вышываныя працы жыхарка Гарохаўкі Любоў Генадзьеўна Емяльянава. Сярод экспанатаў вядомай у акрузе рукадзельніцы быў і рушнік, які яна падрыхтавала на конкурс да рэспубліканскага свята ´Александрыя збірае сяброў´. Там жа была наладжана выстава прадукцыі ад ААТ ´Белтэя´ - прадпрыемства размяшчаецца ў Гарохаўцы, на ім працаўладкавана болей за 10 чалавек вяскоўцаў.

З прысутнымі была праведзена віктарына па гісторыі населенага пункта. Дзякуючы бібліятэкару Таццяне Міхайлаўне Краўчанка для дзяцей была аформлена цікавая гульнёвая зона. Яна ж правяла конкурс малюнкаў для маленькіх удзельнікаў ´Мой родны кут´. Згадалі на свяце і найстарэйшага жыхара сучаснай Гарохаўкі - Марыю Мартынаўну Гайшун 1926 года нараджэння. Пажадалі і ёй, і ўсім землякам здароўя і міру, вёсцы - даўгалецця і дабрабыту.

Вядома ж, не абыйшлося на свяце без трапнага жарту і добрай песні. Усім гэтым, задаючы вясёлы настрой, гарохаўцаў і гасцей адорвалі творчыя калектывы ўстановы культуры - ´Вясковыя напевы´ і ´Вясёлыя ноткі´. Тыя, каму рупіла падсілкавацца, з´есці марозіва ці выпіць прахалоднай вады, маглі зрабіць гэта, не пакідаючы надоўга месца дзеяння: крама Кіраўскага райста размяшчаецца побач з Домам народнай творчасці.

Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі Гарохаўка адсвяткавала Дзень вёскі

Зрэшты, менавіта работнікі культурнай установы - арганізатары Дня вёскі. Людзі, якія тут працуюць - адданыя малой радзіме, улюбёныя ў родны куточак, па крупінках збіраюць духоўную спадчыну краю, захоўваюць яе для цяперашняга і будучых пакаленняў землякоў.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Дома народнай творчасці.