У мэтах удасканалення прафесійнага майстэрства.

Як паведамілі ў вучэбна-метадычным кабінеце Бабрускага раёна, трох дыпломаў удастоены педагогі ўстаноў адукацыі па выніках абласнога этапу завочнага конкурсу метадычных распрацовак ´Змястоўныя і метадычныя аспекты мадэлявання вучэбных заняткаў падчас вывучэння прадметаў сацыяльна-гуманітарнага накірунку на павышаным узроўні´.

У ліку ўзнагароджаных Людміла Уладзіміраўна Емяльянава, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Туголіцкай сярэдняй школы, чыя работа ў намінацыі ´Гісторыя і грамадазнаўства´ адзначана дыпломам I ступені. Ірына Леанідаўна Тараховіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Ленінскага ВПК ´Дз/сад-СШ´, атрымала дыплом III ступені ў намінацыі ´Руская мова і літаратура´. Аксана Пятроўна Бусел, настаўнік англійскай мовы Бортнікаўскага ВПК ´Яслі-сад-СШ´, стала ўладальнікам дыплома III ступені ў намінацыі ´Замежная мова´.

На абласны этап конкурсу, які арганізаваў аддзел сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, былі накіраваны метадычныя распрацоўкі 150 педагогаў Магілёўшчыны, у тым ліку 7 настаўнікаў нашага раёна - пераможцаў раённага этапу. Конкурс праводзіўся ў мэтах удасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў, пошуку і распаўсюджвання эфектыўных педагагічных практык.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by