Выстава ´Залатая раніца беларускага Адраджэння´ адкрыецца 23 лістапада.

иcтoчник: interfax.by

23 лістапада ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі ´Залатая раніца беларускага Адраджэння´.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, з мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як ´віравала´ тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. - адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць ´залатой раніцай´ беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум - ´сад-гадавальнік´ беларускіх пісьменнікаў. У 1921 - адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры - беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота ´Свінапас´ здымаецца першая беларуская кінастужка ´Лясная быль´.

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах ´Савецкая Беларусь´, ´Чырвоная змена´, ´Звязда´, ´Літаратара і мастацтва´ ´Беларуская вёска´ і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: ´Маладняк´, ´Узвышша´, ´Полымя´, ´Іскры Ільіча´, ´Штэрн´ і інш.

Выстава будзе дзейнічаць па 31 студзеня 2022 года.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).