Такога здзеку з каталіцкай святыні, як у Бабруйску, не ўбачыш нідзе ў Беларусі. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі - помнік неагатычнай архітэктуры, які сёлета ў верасні адзначыў стагоддзе з дня асвячэння, дагэтуль нясе на сабе сляды эпохі ваяўнічага атэізму.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Ад святыні - да трэсту № 13

Бабруйскі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны ў 1906 г. замест згарэлай драўлянай капліцы сродкамі і высілкамі парафіянаў і ксяндза-пробашча Яна Красоўскага. Асвечаны ў 1912 г.

Бажніца была пабудаваная ў стылі неаготыкі. Сілуэт касцёлу вылучаўся сваёй ажурнасцю, узнёсласцю, вытанчанасцю формаў. Гонкая вежа маляўніча ўзвышалася сярод невысокіх, пераважна аднапавярховых, дамоў Бабруйску, надаючы ўтульнасць і ўрачыстасць гарадскому краявіду.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Касцёл у Бабруйску

Машына палітыкі ваяўнічага атэізму дабралася да касцёлу ў 1935 г. - тады яго зачынілі. У будынку касцёлу размясцілі выставу дасягненняў савецкай сельскай гаспадаркі.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Жалобная працэсія ў Бабруйскім касцёле ў 1918 г.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны касцёл сустрэў у якасці збожжасховішча. У гады акупацыі святыня зноў працавала. Пасля вайны, у 1946 г., касцёл стаўся экспазіцыйнаю залаю Бабруйскага краязнаўчага музею. Але ўжо праз год там размясцілі архіў, а потым зрабілі кіналекторый.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Такім быў бабруйскі касцёл

Жудасная хваля знішчэння хрысціянскіх святыняў, што захлынула Беларусь у 1960-я гг. і ў выніку якой мы назаўсёды страцілі найкаштоўнейшыя помнікі беларускай сакральнай архітэктуры, не абышла і Бабруйск.

Акурат тады, у 1968 г., бабруйскі касцёл набыў той выгляд, які мае дагэтуль. Да фасаду касцёлу прыбудавалі пяціпавярховую жалезабетонную ´каробку´ - будынак кіраўніцтва будаўнічага трэсту з вельмі вымоўным нумарам - 13. Пры гэтым знеслі верхнюю частку званіцы і знішчылі дэкаратыўную аздобу фасаду. У будынку размясціліся кабінеты кіраўніцтва трэсту, а залу касцёлу вырашылі прыстасаваць пад трэстаўскі клуб. Алтарная частка зрабілася сцэнаю.

Партыйныя сходы ў касцёле

З 1974 г. у будынку месціцца ўпраўленне Бабруйскага домабудаўнічага камбінату (ДБК). Зала касцёлу працягвала заставацца клубам. Як піша ў сваім артыкуле пра бабруйскі касцёл у часопісе ´Наша вера´ сябра парафіяльнай рады Бабруйскай парафіі Віктар Маліноўскі, ´партыйныя сходы і танцы працягваліся тут да кастрычніка 1989 г.´. А 1 сакавіка 1990 г., згодна з рашэннем Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэту, касцёл (а дакладней, яго асноўная зала) быў перададзены бабруйскім каталікам. Але перадачу гэтую нельга назваць поўнаю - у прыбудаваным пяціпавярховіку засталося кіраўніцтва ДБК.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

У той час - на аптымістычнай хвалі пасля вяртання касцёлу, магчымасці праводзіць набажэнствы ды ўвогуле свабодна вызнаваць сваю веру - здавалася, што і гэта часова, што вось-вось касцёл набудзе нармальны выгляд. Але і тут пацвердзілася даўняе назіранне, што няма нічога больш сталага за часовае. І ў выніку чаканне поўнага аднаўлення касцёлу расцягнулася аж да сённяшняга дня. Сёння, як і 40 гадоў таму, будынак касцёлу застаецца схаваным за пяціпавярховым будынкам кіраўніцтва БРУП ´Бабруйскі домабудаўнічы камбінат´.

Адміністрацыя камбінату не хоча высяляцца

Пра стан касцёлу і неабходнасць вярнуць яму нармальны выгляд неаднаразова пісалі ў бабруйскіх газетах, а таксама ў каталіцкіх медыях Беларусі. Парафіяльная рада Бабруйскай парафіі на чале з ксяндзом-пробашчам Юрыем Быкавым ужо не адзін год вядзе з уладамі ці то дыялог, ці то маналог ў пытанні будынку ДБК.

Кс. Юрый распавядае, што кожны год гэтае пытанне ўздымаецца, пішуцца лісты-звароты да ўладаў з просьбамі і абгрунтаваннямі неабходнасці вярнуць будынак каталікам. І штогод адказы на гэтыя лісты распавядаюць пра тое, што праца вядзецца. А не так даўно, у 2010 г., у падтрыманне бабруйскіх каталікоў выказаўся і старшыня Бабруйскага гарвыканкаму Дзмітрый Бонахаў, абвясціўшы, што ўжо ёсць варыянты для перасялення будаўнічага камбінату. Але на дварэ ўжо 2012 г., а воз, як кажуць, і дагэтуль там.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Лісты пісалі ў Бабруйскі гарадскі выканкам, у Магілёўскі абласны выканкам, у Міністэрства будаўніцтва, нават у Адміністрацыю прэзідэнта. Але ўсе звароты, вышэйшыя за гарвыканкам, зноў вяртаюцца мясцовым уладам, і гэтае кола пакуль разарваць не ўдалося.

Домабудаўнічы камбінат, які месціцца ў будынку перад касцёлам, падпарадкоўваецца не гарадскім уладам, а Міністэрству будаўніцтва. Міністэрства ў сваю чаргу згаджаецца выселіць ДБК, але ўзамен патрабуе адпаведнага будынку і абавязкова ў цэнтры гораду. У сувязі з гэтым кс. Юрый заўважае, што звычайнаю практыкай апошняга часу ў еўрапейскіх краінах і буйных гарадах Беларусі сталася размяшчэнне такога кшталту арганізацыяў не ў цэнтры гораду, а ў новых раёнах з дынамічным развіццём.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

І сапраўды, ці ёсць настолькі вострая неабходнасць пакінуць кіраўніцтва камбінату ў цэнтры гораду? Ці гэта проста нежаданне змяняць гадамі наседжанае месца і цярпець нейкі дыскамфорт з гэтай прычыны? Але пры гэтым чамусьці не зважаецца на тыя праблемы, якія праз гэта ствараюцца бабруйскім каталікам.

Бабруйскі гарвыканкам, паводле кс. Юрыя, прапаноўваў кіраўніцтву ДБК ужо не адзін будынак і не на ўскрайку гораду, але дырэктар камбінату не згадзіўся прыняць ніводзін з іх.

У той жа час будынак такога маштабу не патрэбны нават домабудаўнічаму камбінату. З пяці паверхаў два амаль пустыя, значная частка памяшканняў ужо даўно здаецца пад офісы.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Паводле кс. Юрыя, усё, што просіць Бабруйская парафія ад уладаў, - гэта знесці пяціпавярховік. Аднавіць жа фасад касцёлу і вежу каталікі Бабруйску збіраюцца за свае сродкі. Кс. Юрый мяркуе, што ´горад гэты будынак насадзіў, набудаваў, горад павінен гэты будынак і прыбраць´.

Ад турыстаў, што прыязджаюць у Бабруйск, можна пачуць, што бабруйскі ці то касцёлакамбінат, ці то камбінатакасцёл ужо сам па сабе стаў помнікам. Але вернікам даводзіцца трываць прысутнасць у адным будынку з Божым домам крамаў, атэлье, розных офісаў, шум, які часам не заканчваецца і падчас правядзення набажэнстваў.

Бабруйскі ´касцёлакамбінат´ як сумны помнік ´бязбожнай´ эпохі

Гэтыя муры памятаюць салдат Першага польскага корпуса пад камандаваннем генерала Юзефа Доўбар-Мусніцкага

Гэты будынак стварае нязручнасці падчас правядзення цырымоніяў шлюбу, пахавальных набажэнстваў. Бо што гэта за ўрачысты ўваход у святыню - праз браму домабудаўнічага камбінату? Адпаведнымі атрымліваюцца і вясельныя фотаздымкі на фоне касцёлу. Што да пахавальных набажэнстваў, то ўнесці ў касцёл труну з нябожчыкам немагчыма з-за маленькіх і нязручных дзвярэй прыбудаванага пяціпавярховіка. Правядзенне працэсіяў вакол касцёлу надзвычай нязручнае - даводзіцца ісці па брудзе, лужынах, пералазіць праз агароджу, якую зладзілі вакол гандлёвых шэрагаў, што амаль прымыкаюць да касцёлу.

иcтoчник: www.istpravda.ru