Работы на палях удосталь.

Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Жана Жукоўская, у раёне вядзецца ўвесь комплекс прызначаных на гэтую пару асенне-палявых работ. У прыватнасці, набірае абароты капанне бульбы. У цэлым па раёне ўбрана 70 з 871 гектара пры сярэдняй ураджайнасці 248 ц/га. Працягваецца капанне цукровых буракоў. Ураджайнасць салодкіх караняплодаў не сказаць каб надта радавала: з аднаго круга бяруць у сярэднім 280 цэнтнераў. У бліжэйшыя дні будзе весціся ўборка мнагалетніх бабовых траў (канюшыны) на насенне.

Таксама ў раёне пачалася ўборка кукурузы. У чатырох сельгаспрадпрыемствах - акцыянерных таварыствах ´Неўскі-Агра´, ´Аграмашсервіс´, філіялах ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ і ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ - вядуць закладку кукурузнага сіласу на зіму. У адпаведнасці з апошнімі дадзенымі закладзена 4 000 тон са 103-х запланаваных. І, вядома ж, вядзецца сяўба азімых зерневых культур - з 10 500 гектараў засеяна 1400 га. Выконваюцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы глебы да восеньскага засейвання. Што датычыцца сяўбы азімай сурэпіцы і змешаных (з азімым жытам) пасеваў для ранняй падкормкі жывёлы, то яна ў гаспадарках, як было адзначана, практычна завершана.

Калі дакладней пра гаспадаркі, то ў філіяле ´Варатынь´, да прыкладу, як паведаміў галоўны аграном Аляксандр Парахневіч, актыўна вядзецца нарыхтоўка кукурузнага сіласу, засейванне плошчаў, адведзеных пад азімую пшаніцу, звозка з палёў саломы, якую ў філіяле практычна спрэсавалі.

Земляробы філіяла ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´, па словах галоўнага агранома Сяргея Гаўрыленкі, гэтым часам займаюцца сяўбой азімага трыцікале - пад культуру будзе занята 470 га плошчаў. Затым возьмуцца за засейванне жытнёвых палёў. Азімага жыта плануюць пасеяць болей за паўтары тысячы гектараў. Займаюцца ў агракамбінаце таксама прэсаваннем і звозкай з палёў саломы, вырашаюць пытанні, звязаныя з уборкай кукурузы.

У Бабруйскім ААТ ´Аграмашсервіс´ на гэтую пару, як стала вядома са слоў галоўнага агранома Андрэя Чорнага, вядзецца ўшчыльненне пасеваў азімай сурэпіцы азімым жытам. Як і ў большасці гаспадарак, прэсуецца і звозіцца з палёў на тэрыторыі ферм салома. На кантролі - уборка кукурузы.

У ААТ ´Стасеўка´ салому цалкам убралі. Аб гэтым паведаміў галоўны аграном Роберт Маскальчук. Гэтым часам, як ён адзначыў, у гаспадарцы займаюцца ўнясеннем мінеральных угнаенняў у глебу - падрыхтоўкай яе да восеньскай сяўбы зерневых. Першапачаткова будзе пасеяна трыцікале, затым жыта. Наперадзе таксама - нарыхтоўка кукурузнага сіласу.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by