Свята ´Шчадроты восеньскіх святаў´ адбудзецца 14 верасня ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы (вул. Першамайская, 10). Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла ва ўстанове культуры.

Па словах суразмоўцаў, гэта ўжо чацвёртая творчая сустрэча ў рамках абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва ´Скарбніца Падняпроўя´, які ладзіцца для жыхароў Магілеўшчыны на працягу гэтага года. Раней клубныя ўстановы вобласці прадстаўлялі гледачам тэматычныя праграмы паводле абрадаў і святаў зімовага, веснавога і летняга цыклаў народнага календара.

Тэматычнае свята ´Шчадроты восеньскіх святаў´, якое цалкам прысвечанае восеньскім святам народнага календара, будуць прадстаўляць творчыя калектывы, носьбіты фальклору, майстры народных мастацкіх рамёстваў Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чавускага, Чэрыкаўскага, Шклоўскага раёнаў, а таксама Бабруйска і Магілёва.

У 16.30 на пляцоўцы перад будынкам медатычнага цэнтра адкрыецца фальклорная святочная экспазіцыя ´У восень да гасцінцаў просім´. Тут будуць прадстаўлены вырабы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізавана работа тэматычных сялянскіх падворкаў з прысмакамі, гульні, тэматычныя абрады, песні, танцы, ігрышчы, майстар-класы і інш.

У 18.00 у канцэртнай зале ´Магілёў´ адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне ´Шчадроты восеньскіх святаў´ паводле восеньскіх абрадаў і святаў народнага календара.

´У сёняшні імклівы час вельмі важна далучыць, асабліва маладое пакаленне, да багацейшых вытокаў народнай спадчыны, у якой захоўваецца вопыт жыцця і мудрасць нашых продкаў, - падкрэслілі суразмоўцы. - Фестываль фальклорнага мастацтва ´Скарбніца Падняпроўя´ ладзіцца з мэтай вывучэння і захавання фальклорных традыцый раёнаў вобласці, знаёмства жыхароў абласнога цэнтра з народнымі звычаямі і традыцыямі беларусаў´.

Арганізатарам творчага праекта з´яўляецца ўстанова культуры ´Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы´.

Тэматычнае свята ´Шчадроты восеньскіх святаў´ адбудзецца 14 верасня ў Магілёве.

иcтoчник: mogilev-region.gov.by