Тысячнікаў у раёне прыбавілася.

Удзячнасці ад раённага выканаўчага камітэта і райкама прафсаюза работнікаў АПК, ад апошняга таксама - вымпелы і адметныя знакі на камбайны ´Тысяча тон´ за добрасумленную працу ўручыў учора, 5 верасня, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Феднеў членам трох экіпажаў зернеўборачных камбайнаў філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´.

Намалоты збажыны, з улікам убранага ў Клімавіцкім раёне, дзе нашыя земляробы на працягу двух тыдняў аказвалі дапамогу ва ўборцы ўраджаю, пераўзышлі 1 000 тон. Гэта старшыя камбайнеры і камбайнеры Дзяніс Уладзіміравіч Бутылін і Валерый Леанідавіч Аўрамчык, Леанід Акімавіч Маліноўскі і Андрэй Аляксандравіч Парахневіч, Аляксандр Віктаравіч Чарноў і Вадзім Уладзіміравіч Вараб´ёў. Такіх жа ўзнагарод за намалочаную ўжо дома тысячу ўдастоіўся і экіпаж філіяла ў складзе старшага камбайнера Дзмітрыя Аляксандравіча Талкачова і камбайнера Андрэя Віктаравіча Аляксашына.

Хто ж яны - новыя тысячнікі?

Да прыкладу, Вадзім Вараб´ёў (фота ўверсе) у памочніках камбайнера пяты сезон. Сёлета дапамагаў у рабоце старшаму камбайнеру Аляксанд- ру Чарнову. Ва ўласнай гаспадарцы хлебаробы намалацілі больш за 900 тон зерня, яшчэ 100 тон дабралі ў суседзяў. Машыну, на якой працавалі, прыехаўшы, вычысцілі і памылі. Цяпер іх ´Палессе´ з удзячнасцю дэманструе сваю чырвань на сонцы - гатовы да зімовага захавання.

Тысячнікаў у раёне прыбавілася.

Сяргей Феднеў і Андрэй Парахневіч

Тысячнікаў у раёне прыбавілася.

Дзмітрый Талкачоў

Андрэй Парахневіч - трактарыст гаспадаркі, на ўборцы збажыны працаваў разам са старшым камбайнерам Леанідам Маліноўскім. Ва ўборачнай кампаніі хлопец прыняў удзел упершыню і не шкадуе. Ён атрымаў добры вопыт, які, упэўнены, спатрэбіцца яму пасля службы ў арміі, куды малады чалавек збіраецца ўжо ў сёлетнюю восеньскую кампанію.

Дзмітрый Талкачоў - старшы камбайнер. Вопыт работы на зернеўборачнай машыне атрымаў, як прызнаецца, працуючы каля бацькі-механізатара: спачатку ў памочніках, пасля і за штурвалам камбайна. Пасля таго як тэхніку, на якой працавалі, спісалі, ад уборачных работ адыйшоў. У гэтым жа сезоне ізноўку ўзначаліў экіпаж. Уражанні, па словах Дзмітрыя, цудоўныя - як быццам бы і не было перапынку.

Алена КАРПЕНКА.

Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by