Сэрца 54-гадовага калгаснага агранома не вытрымала, і асіповіцкая зямля асірацела

НА ўзбочыне дарогі Бабруйск - Барысаў ля вёскі Свіслач - Асіповіцкага раёна ляжыць вялікі валун. Пішчыкаў камень, як называюць яго сельскія жыхары. Валун сімвалізуе працавітасць і адданасць аграрнай прафесіі мясцовага агранома Івана ПІШЧЫКА. 33 гады ён прысвяціў працы ў былым калгасе ´Усход´ (цяпер належыць філіялу ´Белшына-агра´ ААТ ´Белшына´). Прафесіянала з вялікай літары, адукаванага і адказнага спецыяліста - Івана Міхайлавіча паважалі аднавяскоўцы, ставілі яго ў прыклад моладзі.

Памяць пра агранома Івана Пішчыка вырашылі захаваць яго калегі па асіповіцкім калгасе ў валуне.

Ля Пішчыкавага каменя ветэраны гаспадаркі- Аляксандр ЧАРНЕЦКІ, Міхась САДКОЎ і Іван КРЫВЁНАК.

У АСІПОВІЦКУЮ гаспадарку ўраджэнец вёскі Васілёўка Светлагорскага раёна патрапіў у 1975 годзе: прыбыў пасля заканчэння Жыліцкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Агранома прызначылі брыгадзірам у Навасёлках.

Прайшоў недзе год, і аднойчы тагачасны старшыня калгаса вырашыў дапамагчы маладому спецыялісту - дзяўчына прыехала ў вёску пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага інстытута. Гэта была будучая жонка Івана Пішчыка Марыя Васільеўна:

Памяць пра агранома Івана Пішчыка вырашылі захаваць яго калегі па асіповіцкім калгасе ў валуне.

Іван ПІШЧЫК з унукам.

- Мяне размеркавалі ў школу ў Свіслач. І па нейкіх справах трэба было тэрмінова з´ездзіць у суседнюю вёску. Старшыня калгаса пасадзіў мяне на матацыкл да Пішчыка. Так мы і пазнаёміліся. Хлопец мне спадабаўся: відны, высокі, імпазантны. Запрашаў у кіно, на танцы. І ні на адно спатканне не прыходзіў без руж. Справа ў тым, што ў гаспадароў, у якіх кватараваў Іван Міхайлавіч, было многа ў садзе гэтых кветак. Вось і атрымалася, як у той славутай песне, - мільён алых руж. А зімой, калі бываў у Бабруйску, прывозіў яблыкі і гранаты, частаваў. Што казаць, заляцаўся да мяне Іван Міхайлавіч вельмі прыгожа, годна.

Праз год пасля знаёмства Іван і Марыя ажаніліся. З тым, што брыгадзір літаральна гарэў справай, днямі прападаў на вытворчасці, маладой жонцы прыйшлося змірыцца. Марыя Васільеўна ведала, што за вельмі адказнага чалавека пайшла замуж, таму самаадданаму служэнню аграрнай справе не замінала. Разумела: у мужа была патрэба прымяняць свае арганізатарскія здольнасці, дзелавітасць. З імпэтам ён браўся за вытворчыя заданні. Хваляваўся нават за такія рэчы, на якія б несумленны работнік, можа б, і рукой махнуў.

БЫЎ такі выпадак. Адно лета на полі каля Навасёлак стаяў добры хлеб: каласілася поле на радасць аграному. Неўзабаве, акурат пад той час, калі патрэбна было выводзіць камбайны, прайшоў дождж з градам. Ён пабіў пшаніцу. Іван Міхайлавіч у той вечар прыйшоў дадому і проста... расплакаўся. Настолькі блізка ўспрыняў да сэрца няўдачу. Шкада было хлеба, сваёй працы, намаганняў простых калгаснікаў.

Але ж першае, пра што пытаўся аграном, вяртаючыся дадому, гэта - як дзеці, якія ў іх поспехі, ці тэлефанавалі? Пішчыкі вырасцілі дачку Людмілу і сына Міхаіла. Іван Паўлавіч быў клапатлівым татам. Калі ўдавалася вольная хвілінка, заўсёды хацеў знаходзіцца дома: ці то з дзецьмі бавіў час, ці то выконваў гаспадарскія абавязкі. Але ў палявыя работы, асабліва ва ўборачную, з шасці раніцы да дзесяці вечара дома яго не было . У абед забяжыць у хату, перахопіць што - і зноў у поле.

А на палетку - пакуль не сыдзе з яго апошні трактар, камбайн. Да справы падыходзіў заўсёды Іван Міхайлавіч грунтоўна. Калі трэба было, мог і паспрачацца з калегамі, запэўніць у тым ці іншым рашэнні, у выкарыстанні таго ці іншага падыходу і кіраўніцтва. У той час сельгаспрадпрыемства было адной з лепшых гаспадарак раёна. Ужо ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя ва ´Усходзе´ з кожнага гектара збіралі стабільна па 40 цэнтнераў збожжа. А былі рэкорды - па 55 цэнтнераў з гектара.

Галоўны аграном (да таго часу ён завочна скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію) актыўна ўкараняў у вытворчасць інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання збожжавых і кармавых культур. Вялікая заслуга Івана Міхайлавіча і ў тым, што на палях севазваротаў знайшла пастаянную прапіску пшаніца.

Былы старшыня калгаса Міхась Садкоў працаваў з Пішчыкам з 1986 года. Пераехаў на Магілёўшчыну з Брэстчыны. Выкладаў у вучылішчы, таму быў зацікаўлены пераняць вопыт. Міхаілу Андрэевічу было вельмі важна хутка ўнікнуць у сутнасць справы:

- Іван Міхайлавіч быў мне настаўнікам. Дзякуючы галоўнаму аграному я бездакорна авалодаў усёй тэхналогіяй. Мы ведалі літаральна кожнае поле на памяць. Навучыў ён і стасункам з супрацоўнікамі гаспадаркі. З людзьмі добра ладзіў, ведаў, хто на што спасобны, у каго ёсць якія праблемы. Калі трэба і калі мог, дапамагаў у вырашэнні нейкіх асабістых пытанняў. За чалавечнасць і спагадлівасць Пішчыка шанавалі.

Івану Міхайлавічу паступала нямала прывабных прапаноў змяніць месца працы. Але ён міжрэчча Бярэзіны і Свіслачы, краявіды якога нагадвалі яму пра родную Гомельшчыну, ні на якія іншыя старонкі мяняць не хацеў.

У АПОШНІЯ гады ´Усход´ аб´ядналі разам з двума суседнімі гаспадаркамі. Атрымалася, што нагрузка ўзрасла ў разы. І аднойчы сэрца 54-гадовага агранома не вытрымала... Івана Пішчыка не стала 28 мая 2008 года. Гэта было сапраўдным шокам для Свіслачы: хавалі агранома ўсім калгасам.

А пасля той самы валун, да якога мяне прывялі ветэраны былога ´Усхода´ Міхась Садкоў, Аляксандр Чарнецкі і Іван Крывёнак, пачалі называць Пішчыкавым каменем. Аграрыі тлумачаць: ´Гэта сімвалічнае для вяскоўцаў месца памяці. Камень гэты ляжаў недалёка пад дубам на полі і замінаў сельгасработам. Калі яшчэ працаваў Іван Міхайлавіч, валун, знойдзены на полі пад зямлёй, дасталі і пагрузчыкам ´Кіраўцам´ перацягнулі ў гэтае месца, да дарогі. Пасля смерці Пішчыка вырашылі не чапаць валун. Хай нагадвае нашчадкам пра чалавека рэдкай працавітасці´.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Фота аўтара і з сямейнага архіва

Татьяна УСКОВА

иcтoчник: www.sb.by