Знакамітыя бабруйчане: Абрам Рабкін.

Рабкін Абрам Ісаакавіч нарадзіўся 27 кастрычніка 1925 г. у Бабруйску. Яго маці была медсястрой, а бацька працаваў начальнікам пажарнай аховы на фабрыцы імя С. Халтурына. Бацькі не стала ў 1937 г. і з таго часу сям´я стала жыць вельмі бедна, нягледзячы на ўсе намаганні маці. Абрам Ісаакавіч вучыўся ў 26-й школе.

У 1941 г. сям´я апынулася ў сяле Урэнь Горкаўскай вобласці. У 1943 г. А. Рабкін быў прызваны ў Чырвоную Армію, ваяваў пад Ковелем, Роўна. Дэмабілізаваўся ў 1946 г. У 1947 г. паступіў у Сярэднюю мастацкую школу пры інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна, затым скончыў Ленінградскае мастацкае вучылішча імя В. А. Сярова. Удзельнік занальных і ўсесаюзных выставак. Першая персанальная выстава пад назвай ´Город моего детства´, прысвечаная Бабруйску, прайшла ў 1981 г. у Ленінградзе, затым у 1984 г. яна дэманстравалася ў Бабруйску, у 1985 г. - у Мінску, у 1987 г. - у Маскве; затым у 1990 і 1998 гг. - зноў у Бабруйску, у 2000 адбылася юбілейная выстава ў Мінску і ў 2001 г. - у Злучаных Штатах Амерыкі.

Мастак стварыў галерэю партрэтаў ветэранаў, партызан і падпольшчыкаў. Яго карціны ´9 мая. Белорусская семья´, ´Портрет партизанского командира Н. Б. Храпко´ знаходзяцца ў Беларускім дзяржаўным мастацкім музеі.

Пачуцці Абрама Рабкіна да роднага горада, назапашаныя ў жывапісных палотнах, знайшлі адлюстраванне на старонках яго аповесці ´Вниз по Шоссейной´. Аповесць была цёпла прынята літаратурнымі коламі Санкт-Пецярбурга і ўпершыню апублікаваная ў часопісе ´Нева´ № 8 за 1997 г.

За кароткі тэрмін з дня першай публікацыі часопісны варыянт аповесці выклікаў добрыя пачуцці ў шматлікіх чытачоў Расіі і Беларусі, перанёсся праз адлегласці, і з цяплом чытаецца ў Ізраілі і Штатах. Бабруйску пашанцавала, таму што ў горада ёсць свой летапісец. Сілай літаратурнага дару i глыбіннай памяці, аўтар уваскрашае пайшоўшы ў нябыт свет даваеннага Бабруйска. Памяць мастака ў маральнасці і гістарычнасці, таму такі пераканаўчы і пранізліва жывы гэты кранальны свет, у якім наіўнасць суседнічае з жорсткасцю, смутак з радасцю, смешнае з трагедыяй.

Абрам Рабкін напісаў усяго толькі дзве кнігі, але гэтыя кнігі маюць для бабруйчан вялікае значэнне. ´Вниз по Шоссейной´ - кніга пра дзяцінства пісьменніка і мастака, лейтматывам якой з´яўляецца ´горькая мысль о том, что всё неповторимо и невозвратно´. Адыйшло ўдалячынь дзяцінства, пайшлі людзі, якія жылі калісьці на Шашэйнай вуліцы, няма нават самой назвы гэтай вуліцы (сёння яна носіць назву ´Бахарава´), але засталася памяць, добрая і доўгая памяць, у якой ўсе яшчэ жывыя і шчаслівыя.

Толькі мастак і чалавек, які тонка адчувае прыгажосць роднай зямлі мог напісаць наступнае:

´... Давайте вернемся туда, на Шоссейную, где старая липа и сад, и двери открываются с легким надтреснутым звоном, похожим на удар старинных часов. Туда, где лопухи и лиловые вспышки колючек, и Годкин шьёт модные дамские пальто, а его красавицы дочери собираются на танцы. Чудесная улица, эта Шоссейная, и душа моя, измученная нахлынувшей болью, вновь и вновь припадает к ней... ´

Прадстаўнікі старэйшага пакалення з ноткамі настальгіі прачытаюць апісанне бабруйскага базара:

´Однажды, уже давно на бобруйском базаре, когда он ещё не был обезличен заморским товаром, а торговал своим, исконным, чем и славился, и был обилен помидорами, салом, чесноком, подсолнухами, домашними колбасами, когда выстроившиеся вдоль рядов с горами фруктов ярко одетые хозяйки держали на вытянутых руках откормленных кур, а у их ног смешно двигались и визжали завязанные мешки с одуревшими поросятами... ´

І такіх цікавых момантаў у кнізе А. Рабкіна шмат, лепш узяць саму кнігу і пачытаць. А яшчэ ў Абрама Рабкіна ёсць вершы, у асноўным яны былі напісаны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

У кастрычніку 2013 г. убачыла свет другая кніга Абрама Рабкіна ´Вокруг войны´, гэта зборнік разнажанравых твораў аўтара: нарысы, замалёўкі, вершы і сцэнар па кнізе ´Вниз по Шоссейной´ пад назвай ´Однажды в Бобруйске´.

На жаль, у пачатку зімы 2013 года, падчас чарговай паездкі ў Санкт-Петербург, Абрам Ісакавіч ужо не вярнуўся ў Бабруйск, як звычайна. Яго не стала 5 снежня, пахаваны ў Санк-Петербурге.

Знакамітыя бабруйчане: Абрам Рабкін.

иcтoчник: bobruisk.gov.by