Ажылі палі з вясною.

У разгары ворыўныя работы. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на гэты час у раёне заарана 20% ад запланаваных на вясну плошчаў (3 300 га). У гаспадарках займаюцца закрыццём вільгаці і падрыхтоўкай глебы да сяўбы ранніх зерневых і зернебабовых.

Актыўна ў гэтым плане працуе філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, дзе, акрамя таго што пасеяны авёс, маецца 77% веснавога ворыва, завяршылі падсейванне мнагалетняй травы (108%).

У сельгасарганізацыях таксама займаюцца выбаркай элітнага насення для аднаўлення гатунковага складу - выбрана амаль палова ад запланаванага. З найлепшага боку тут адзначаюць філіял ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´, дзе выбралі 170% да запланаванага. Цалкам выбралі эліту ў ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´, 40% ад патрэбы - у ААТ ´Стасеўка´.

У радзе гаспадарак вядзецца падкормка азімых зерневых і рапсу азотнымі мінеральнымі ўгнаеннямі. Рапсу падкормлена 14% ад патрэбы. Пастаўлена задача - за тры наступныя дні гэтую работу завяршыць, каб да 6 красавіка - аптымальны тэрмін - паспець уздобіць зерневыя. Зрэшты, у ´Харчавіку-Агра´ гэтыя культуры ўжо падкормлены на плошчы 500 га (63% ад патрэбы), вядзецца гэтая работа ў дачыненні мнагалетнікаў, сенакосаў і пашы. Першым у раёне філіял прыступіў да яе перазалужвання, закладкі шматгадовай пашы.

Актыўна вывозіцца на палі арганіка. З 222 тыс. тон (70% ад плану), што вывезены, каля 69 тыс. - унесена ў глебу.

У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ і ´Неўскі-Агра´ не пакідаюць без увагі яблыневыя сады: працягваюць іх абрэзку і пабелку.

Варта адзначыць, што перад шэрагам гаспадарак, за выключэннем ´Гіганта´, птушкафабрыкі ´Вішнёўка´, філіялаў ´Агракамбінат КХП´ і ´Харчавік-Агра´, стаіць пытанне набыцця сродкаў аховы раслін - пратруты яравых зерневых культур. Як яно будзе вырашацца - пакажа час.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by